Эксперт звяртае ўвагу, што паводле заканадаўства другі тур можа праводзіцца праз адзін або два тыдні пасля першага. Калі праз тыдзень, то два лідары не паспеюць правесці агітацыйную кампанію. Калі ж праз два – галасаванне прыпадзе на 2 студзеня…
Паводле Чавусава, выбары прызначылі на гэты год, каб Крэмль не паспеў апроч інфармацыйнага ціску ўжыць супраць Аляксандра Лукашэнкі і эканамічны. Аднак палітолаг схіляецца да думкі, што калі б выбары і прызначылі на пазнейшы дзень, гэта б не змяніла ступень падрыхтаванасці да іх апазіцыі. Хутчэй за ўсё, адзінага кандыдата абраць не паспелі б.
З іншага боку, на карысць апазіцыі грае тое, што восень – спрыяльны час для выбарчай агітацыі: «Ніколі агітацыйная частка кампаніі не прыпадала на такі зручны час. Гэта не час перад Калядамі ды Новым годам, як у 2006 г., і не перыяд летніх адпачынкаў, як у 2001-м».
Што датычыць Выбарчага кодэксу, дык яго не забараняецца змяняць і падчас прэзідэнцкай кампаніі: «Трэба ўлічваць, што шмат якія моманты рэгулююцца не заканадаўствам як такім, а тлумачальнымі пастановамі Цэнтравыбаркаму. Гэта датычыць і такога важнага моманту, як парадак вылучэння людзей у выбарчыя камісіі. Напрыклад, Цэнтравыбаркам мог бы закласці ўдзел у іх прадстаўнікоў кандыдатаў, як гэтага патрабаваў Аляксандр Мілінкевіч», – зазначае спадар Чавусаў.
Нагадаем, што выбары прэзідэнта Беларусі прызначаны на 19 снежня 2010 г.
belsat.eu