«Эдвард Вайніловіч – адзіны мецэнат, які будаваў і касцёлы, і цэрквы, і сінагогі, і мячэці»


https://youtu.be/dPYUZY4RI0o
У Менску адбылося паседжанне камісіі, на якім разглядалі пытанне аб прылічэнні заснавальніка Чырвонага касцёлу ў Менску, шляхіца Эдварда Вайніловіча, да ліку богаславёных (беатыфікацыя) Рымска-каталіцкага касцёлу.

Вайніловіч пабудаваў Чырвоны касцёл у пачатку XX стагоддзя ў гонар сваіх памерлых дзяцей – Сымона і Алены. У 2006 годзе ў касцёле перапахавалі ягоныя парэшткі – згодна з апошняю воляю.
{movie}«Эдвард Вайніловіч – адзіны мецэнат, які будаваў і касцёлы, і цэрквы, і сінагогі, і мячэці» |right|16456{/movie}
«Імя Эдварда Вайніловіча ўвайшло ў гісторыю не толькі Менску, Беларусі, але і Польшчы, іншых краінаў, – падкрэсліў на паседжанні метрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Ён быў чалавекам, які вельмі клапаціўся пра сваю сям’ю, пра хрысціянскае выхаванне дзяцей, быў грамадскім дзеячам, шмат працаваў для распаўсюджвання ў грамадстве сацыяльнага вучэння Касцёлу, якое ў тыя часы толькі распачыналася. Выслухаўшы меркаванні людзей, якія добра ведаюць гісторыю жыцця Вайніловіча, правёўшы кансультацыі з прадстаўнікамі кангрэгацыі ў справах святых, мы прыйшлі да высновы, што надышоў час пачынаць беатыфікацыйны працэс, і сённяшняе пасяджэнне – першы крок да гэтага».

Ксёндз-магістр і настаяцель Чырвонага касцёлу Уладзіслаў Завальнюк адзначыў, што Вайніловіч будаваў і касцёлы, і цэрквы, і сінагогі, і мячэці: «Няма больш такога мецэната і будаўніка ні ў каталіцкім свеце, ні сярод праваслаўных. І ў гэтым мы бачым шырокую душу і глыбіню духу Вайніловіча».

Шляхціц, які любіў Беларусь

Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў вёсцы Сляпянка (цяпер у межах Менску) у 1847 годзе. Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля». Быў шчырым вернікам, сумленным і працавітым чалавекам, абаронцам права прыватнай уласнасці, праявіў сябе патрыётам Беларусі. Усё жыццё ён актыўна падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, не прымаючы толькі ягоных сацыялістычных кірункаў.

Быў адданым каталіком, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення; будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэту абароны правоў габрэяў і татараў у Клецку. Падтрымліваў свайго «палітычнага вучня» і паплечніка Рамана Скірмунта ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які рабіў захады, каб БНР фармавалася як капіталістычная дзяржава. Пасля адстаўкі Рамана Скірмунта з пасады прэм’ер-міністра ўраду БНР падтрымаў (пасля ваганняў) у лістападзе 1918 ідэю стварэння манархічнай дзяржавы Вялікае княства Літоўска-Беларускае пад нямецкай апекай.

Быў абсалютна незадаволены рашэннямі Рыжскай мірнай дамовы (1921), якая падзяліла Беларусь на часткі, і ацаніў пазіцыю польскіх палітыкаў як здраду ідэалам адраджэння былой шматнацыянальнай і талерантнай Рэчы Паспалітай. Калі ягоныя маёнткі засталіся ў савецкай Беларусі, прыняў грамадзянства Польшчы.

Катэгарычна выступаў супраць палітыкі паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай) і выказваўся (у тым ліку ў друку) за развіццё беларускамоўнай культуры. Да канца свайго жыцця быў прыхільнікам злучэння разам усіх беларускіх зямель, стварэння польска-беларускай федэрацыі (каб даць Беларусі выхад да мора). Шляхціц заклікаў польскамоўных землеўласнікаў ды інтэлігенцыю Беларусі да вяртання ў штодзённым ужыванні беларускай мовы, што, аднак, сустрэла мала спачувальнікаў. За прабеларускія погляды і дзеянні атрымаў у Польшчы рэпутацыю «апошняга беларускага баярына».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары