Прадстаўнікі беларускага Цэнтрвыбаркаму паедуць на прэзідэнцкія выбары ва Украіне


Міністэрства замежных справаў Беларусі заклікае ўкраінцаў да шырокага агульнанацыянальнага дыялогу і бачыць у прызначаных на 25 траўня прэзідэнцкіх выбарах шлях да стабілізацыі ў краіне. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў Кіеву «любую дапамогу, акрамя пасярэдніцтва».



Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў у чацвер у Менску, што самастойнае вызначэнне кірунку свайго развіцця праз выбары – неад’емная права ўкраінскага народу.

Прадстаўнікі Цэнтрвыбаркаму Беларусі прынялі запрашэнне ўкраінскага боку і ўжо 23 траўня адправяцца да суседзяў у якасці назіральнікаў за ходам прэзідэнцкіх выбараў.



Як паведамляе прэс-служба МЗС, афіцыйны Менск напярэдадні выбараў заклікае бакі, якія канфліктуюць у суседняй краіне, у поўнай меры ўсвядоміць сваю адказнасць за будучыню Украіны і, адкінуўшы амбіцыі, неадкладна сесці за стол перамоваў.

Беларусь «хоча бачыць моцную Украіну».

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў чацвер у Менску пасла Украіны Міхаіла Ежаля, заявіў, што Беларусь «хоча бачыць моцную Украіну, з якой можна супрацоўнічаць, гандляваць, як мы ў апошнія гады гэта рабілі».

«Гэта 45 мільёнаў насельніцтва, блізкі нам народ. Гэта самадастатковая краіна, і калі ёй дапамагчы, а не перашкаджаць, то гэта будзе вельмі ўплывовая краіна. Ну, можа, камусьці не хочацца, каб яна была моцнаю ды ўплывовай, але гэта – не мая пазіцыя і не беларускага народу», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.



Лукашэнка супраць уводу ўва Украіну чыіх бы там ні было войскаў

Лукашэнка паўтарыў, што афіцыйны Менск выступае за пазаблокавы статус Украіны. «Няма неабходнасці ўцягваць Украіну ў нейкія блокі, уводзіць туды нейкія войскі, ні з аднаго, ні з другога, ні з трэцяга, ні з дзясятага боку», – перакананы Лукашэнка.

Лукашэнка паабяцаў Кіеву любую дапамогу і падтрыманне, акрамя пасярэдніцтва.

«Пасрэдніцтва выключана, я цярпець не магу пасярэдніцтва», – заўважыў лідар Беларусі.

Эксперты, зрэшіы, лічаць, што Лукашэнка спрабаваў выступіць у ролі пасярэдніка дзеля залагоджвання канфлікту паміж Кіевам і Масквой, але звязаны з Крамлём саюзніцкімі і фінансавымі абавязальніцтвамі, вымушаны быў адмовіцца ад гэтай ролі.

Назіральнікі падкрэсліваюць, аднак, што кіраўнік Беларусі паслядоўна выступае за цэласнасць і непадзельнасць Украіны насуперак пазіцыі Масквы.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў