Выйшла кніга Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцця»


«Пісаць пра падзеі 2010–2011 гадоў і лёгка, бо яны, здаецца, добра-такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна з’ядае свежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражанні, якія адцясняюць і заціраюць старыя», – напісаў Бяляцкі ў адным з лістоў.

Кніга напісаная Бяляцкім падчас ягонага зняволення: з верасня 2012 года да чэрвеня 2013-га. У выданне ўвайшлі лісты з успамінамі ды развагамі, апісаныя працоўныя будні, а таксама падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі.

Укладальніца выдання праваабаронца Алена Лапцёнак у прадмове да кнігі адзначае: «Прайшло ўжо больш за два гады з моманту арышту Алеся Бяляцкага, і палову вызначанага судом тэрміну зняволення ён ужо адбыў. Але нават гэты час у пэўнай ступені не аказаўся для яго страчаным дарма, і, як чалавек з моцным унутраным стрыжнем, Алесь здолеў скарыстаць яго і разбавіць аднастайнасць турэмнага побыту творчымі задумамі і іх плённай рэалізацыяй».

Гэта другая кніга Бяляцкага, якая выйшла за час яго зняволення. Першая – «Асвечаныя беларушчынай», за якую праваабаронцу 13 траўня ўзнагародзілі прэміяй імя Алеся Адамовіча. Рыхтуецца да выдання зборнік ягоных публіцыстычных твораў «Халоднае крыло Радзімы».

Бліжэйшым часам праваабарончы цэнтр “Вясна” запросіць усіх на прэзентацыю кнігі, дзе яе магчыма будзе атрымаць.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў