Як сын пракурора загаварыў па-беларуску і пачаў маліцца за каралеву


Школьнік з Івацэвічаў купіў за 2 рублі ў шапіку «Саюздруку» часопіс, які моцна паўплываў на лёс маладзёна ў пачатку 90-ых гадоў. З таго часу шмат што змянілася – хлопец стаў святаром, выехаў у Лондан і будуе там царкву, што мае стаць помнікам па Чарнобыльскай бядзе.

Як усё пачыналася?

Івацэвічы. Фота gordost-belarusi.ruІвацэвічы. Фота gordost-belarusi.ru

Хлопец-падлетак доўга стаяў ля газетнага шапіку ў невялікім беларускім гарадку Івацэвічы. Прыглядаўся праз запыленую шыбу да свежых часопісаў, мяў у кішэні 2 рублі. Ягоны зрок спыніўся на адным з асобнікаў «Уніі» – часопісу, які ў першай палове 90-ых гадоў выдавалі беларускія грэка-каталікі. Купіўшы выданне, хлопец прачытаў яго на адным дыханні – гэтак ён даведаўся пра гісторыю ўніяцтва ў Беларусі. Набыты часопіс выклікаў у Сяргея Стасевіча (так звалі нашага героя з Івацэвічаў) нязведаную дагэтуль прагу – імкненне стаць грэка-каталіком, а потым і святаром.

Захапляючыся сярэднявечнаю гісторыяй, шмат чытаючы пра рыцараў і крыжовыя паходы, рымскіх папаў і еўрапейскіх каралёў, старшакласнік Сяргей, ужо раней адкрыў для сябе каталіцтва. «Мы з адным аднакласнікам, з якім мы хадзілі разам яшчэ ў дзіцячы садок, вельмі пасябравалі ў старэйшых класах. Нас аб’яднала агульнае захапленне гісторыяй. Мы былі летуценнікі, якіх ядналі і рэлігійныя моманты ў гісторыі. Неяк мы вырашылі наведаць каталікоў. Нехта нам параіў: «Ідзіце ў клуб лесазаводу – там палякі моляцца (усе каталікі былі для нашых людзей палякамі)». Мы і пайшлі, каб распытаць пра крыжовыя паходы ды інквізіцыю. Ксёндз і манашка, якіх мы засталі, аслупянелі ад нашых пытанняў і спрабавалі неяк няўпэўнена і вінавата нешта распавесці – мы, аднак, былі незадаволеныя з адказаў. Але ўсё ж з гэтага часу пачалі рэгулярна хадзіць на імшу, якая тады была па-польску і толькі часткова па-расейску і па-беларуску», – узгадаў наш суразмоўнік першыя крокі на шляху да святарства.

«Унія» адкрыла перад хлопцамі новую дарогу – каталіцтва, але ў родным усходнім абрадзе, такім самым, як у праваслаўнай царкве. Праз некаторы час не толькі Сяргей Стасевіч абярэ для сябе шлях грэка-каталіцкага святара, але і ягоны школьны сябра – Андрэй Крот – адчуе ў сабе такое ж пакліканне.

Бацькі, дзяды і бабуля-«калхозніца»

Айцец Сяргей Стасевіч моліцца на варшаўскіх могілках. Фота belsat.euАйцец Сяргей Стасевіч моліцца на варшаўскіх могілках. Фота belsat.euБацькі Сяргея – адзінага дзіцяці ў сям’і – ніколі не перашкаджалі ягоным захапленням і цанілі ягоную вольнасць. «Мая маці ўсё жыццё працавала ў раённай пракуратуры ў Івацэвічах. Даслужылася да пасады пракурора раёну. Бацька ж быў спачатку камсамольскім лідарам, намеснікам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, потым працаваў у кіраўніцтве прыборабудаўнічага заводу, пазней, калі іхны шлюб з маці распаўся, займаўся бізнесам», – згадаў мінулае святар.

Дзяды айца Сяргея з абодвух бакоў жылі ў Пружанскім раёне. З боку маці ўсё жыццё размаўлялі на палескай гаворцы. Бабуля па бацьку была родам з цэнтральнай Беларусі – з Зембіну – яна раней партызаніла на Барысаўшчыне, а потым выйшла замуж за жаўнера Чырвонай Арміі, які прывёз яе дахаты ў Пружанскі раён. Яна была для іх савецкая, гаварыла не па-іхнаму і мясцовыя казалі: «Што, калхозніца, нашым хлебам прыехала ад’ядацца?»

Родныя будучага святара не былі рэлігійныя людзі, але некалькі разоў звадзілі яго ў царкву. «Малым я гуляў у тым ліку і ў бацюшку, убіраўся ў «рызы» і нават спраўляў нейкія «абрады». Мяркую, што ў дзіцячай зацікаўленасці да рэлігіі праявілася маё пакліканне. Мой шлях да святарства ішоў праз мае захапленні», – заўважыў айцец Сяргей.

Па-беларуску пачаў размаўляць «дзеля прыколу»

Айцец Сяргей паходзіў з расейскамоўнай сям’і, але на першую палову 90-ых гадоў, калі ён вучыўся ў сярэдняй школе, прыпала хваля беларусізацыі. «У нас была вельмі патрабавальная і рэзкая настаўніца беларускай мовы. Яна сама па жыцці была расейскамоўная, але ўвесь час страшыла: «Не будзеце вучыць беларускай мовы – нікуды не паступіце». Дзякуючы ёй я цяпер ведаю родную мову. Тады ж на ўроках было адно, а на перапынках усе гаварылі па-расейску. Неяк я са сваім сябрам Андрэем паспрабаваў гаварыць па-беларуску і па-за ўрокамі. Тут не было ніякай адмысловай прычыны – загаварылі проста так, «дзеля прыколу», як нам, падлеткам, тады падавалася. Пэўна, тут было жаданне супрацьставіцца асяроддзю. Паступова родная мова станавілася для нас усё больш важнаю і нам хацелася гаварыць толькі на ёй».

Па навуку ў вялікі свет

Айцец Сяргей прызнаўся, што пасля школы вельмі хацеў паступіць у сталічны ўніверсітэт і выбраў БДУ. «Мая маці была прынцыповым чалавекам і, хоць мела сувязі, якія, напэўна, маглі мне дапамагчы паступіць на нейкі прэстыжны факультэт, сказала: «Паступай туды, куды зможаш сам». У 1994-ым у БДУ акурат адкрывалася новае аддзяленне – культуралогія на філасофска-эканамічным факультэце. Туды не трэба было здаваць матэматыкі, з якою ў мяне былі вечныя праблемы, і спатрэбіліся мае веды з беларускай гісторыі, мовы і літаратуры. Паступаючы, я ўжо ведаў, што насамрэч хачу стаць не культуролагам, а грэка-каталіцкім святаром».

Будучы ў Менску, маладзён з Івацэвічаў уліўся ў грэка-каталіцкую суполку. Скончыўшы аддзяленне культуралогіі ў Менску, вучыўся яшчэ ў Рыме і Лондане. У сталіцы Вялікай Брытаніі малады беларус атрымаў дыяканскія і святарскія пасвячэнні з рук біскупа Украінскай грэка-каталіцкай царквы, бо беларускія ўніяты дагэтуль не маюць свайго біскупа. Пасля гэтага пачаў дапамагаць айцу Аляксандру Надсану ў рэлігійнай і грамадскай дзейнасці сярод беларусаў-эмігрантаў пры Беларускай каталіцкай місіі.

Царква – як сімвал Беларусі

Мадэль будучай беларускай царквы ў Лондане. Фота Кастусь Лашкевіч Мадэль будучай беларускай царквы ў Лондане. Фота Мікалай ПачкаеўМалады і энергічны святар ужо здзейсніў рэканструкцыю легендарнага «Марыйнага дому» – сядзібы Беларускага рэлігійнага і культурнага цэнтру ў сталіцы Вялікай Брытаніі, а цяпер рэалізуе праект пабудовы сапраўднай беларускай царквы. «Мы молімся ў грамадскай зале ў будынку, па якім цяжка пазнаць звонку, што тут ёсць царква. Як мне здаецца, людзі неахвотна ідуць на нашыя службы ў звычайны дом – ім патрэбнае адчуванне сакральнасці прасторы, неба на зямлі», – заўважыў айцец Сяргей.

Царква, паводле святара, – гэта духоўны цэнтр і неад’емная частка краявіду шмат якіх беларускіх вёсак і мястэчак, таму і ў «сімвалічнай лонданскай Беларусі» мусіла б быць свая асобная бажніца.

З архітэктурным праектам будучай царквы святару дапамог малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай (Тшўай) Рафаэлем Со, які раней зацікавіўся беларускаю культураю і гісторыяй ды прыняў хрост ад беларускіх грэка-каталікоў у Лондане. Каб як мага лепш перадаць асаблівасці беларускага дойлідства ў сваім праекце, маладзён перагартаў цэлыя стосы кніг і наведаў Беларусь, каб на свае вочы пабачыць святыні нашай зямлі. У выніку прапанаваў праект у беларускіх традыцыях: аднавежавая базіліка з дрэва, з гонтавым дахам, але ў сучаснай версіі – у бажніцы не будзе вокнаў як такіх, а святло ў яе будзе трапляць праз адмысловыя шкляныя сегменты ў драўляных сценах. «Яна будзе нібы гарэць святлом знутры. Царква стане помнікам па Чарнобыльскай трагедыі, як сімвалу сучаснай Беларусі, суадноснаму з японскаю Хірасімаю. Усе беларусы – дзеці Чарнобылю, – падкрэсліў айцец Сяргей. – Мы спадзяемся, што з цягам часу нашую царкву ўнясуць у гіды па Лондане. Дзякуючы гэтаму беларуская прысутнасць у Лондане стане больш заўважная».

Каралева Альжбета, Маргарэт Тэтчэр і беларусы

Беларускі біскуп Часлаў Сіповіч (другі злева) і Маргарэт ТэтчэрБеларускі біскуп Часлаў Сіповіч (другі злева) і Маргарэт ТэтчэрБеларускія грэка-каталікі моляцца ў Лондане за каралеву Альжбету ІІ. «Малітвы за ўлады, войска і каранаваных асобаў – уласцівасць візантыйскай літургіі. Мы шмат разоў узгадваем імя каралевы Альжбеты падчас богаслужбы, бо яна з ласкі Божае валадарыць у той краіне, у якой мы жывем. Гэтую традыцыю завялі тут яшчэ да мяне», – заўважыў айцец Сяргей.

Сама брытанская каралева пакуль не была ў гасцях у лонданскіх беларусаў, але, да прыкладу, ранейшы кіраўнік Беларускай місіі біскуп Часлаў Сіповіч меў нагоду спаткацца і паразмаўляць з легендарным брытанскім прэм’ерам Маргарэт Тэтчэр.

Пра геяў

У беларускую царкву прыходзяць самыя розныя людзі, якія жывуць на чужыне. Сярод іх ёсць асобы з гомасексуальнаю арыентацыяй, да якіх у беларускай суполцы ставяцца талерантна. «Шлюбаў мы ім не даем, але і ў нікога з тых, хто прыходзіць да нас, мы не пытаемся пра ягоную арыентацыю. Нашая царква адчыненая для кожнага чалавека, які шукае Бога ў гэтым складаным свеце», – расказаў уніяцкі святар. Геі для нас тут – гэта не нейкая абстракцыя, а перадусім канкрэтныя людзі, якіх мы ўсе добра ведаем. Я сустракаў сярод іх толькі добрых і прыстойных людзей, да таго ж cвядомых беларусаў. Усе людзі – геі ці не – аднолькавыя перад абліччам Божым, бо ўсе мы – грэшнікі».

Як успрымаюць Беларусь у Вялікай Брытаніі?

Шмат хто з брытанцаў глядзіць на Беларусь, як на нейкую частку Расеі, заўважыў беларускі святар. Некаторыя асацыююць Беларусь з белагвардзейцамі, мяркуючы, што беларусы – гэта расейцы, якія супрацьпаставіліся камунізму і стварылі сваю краіну. «Наш прыхаджанін кітайскага паходжання, да прыкладу, думаў, што Беларусь – гэта частка Расеі, якая адпала ад яе паводле палітычных матываў, як Тайвань адпаў ад Кітаю, або нешта накшталт падзеленых Паўднёвай і Паўночнай Карэі».

«Купалле ў гонар Янкі Купалы?»

Беларускае Купалле ў Лондане. Фота Кастусь ЛашкевічБеларускае Купалле ў Лондане. Фота Кастусь ЛашкевічУ Беларускім культурным цэнтры, што існуе пры місіі, эмігранты ладзяць беларускія народныя святы – Каляды, Купалле, адзначаюць важныя для беларускай гісторыі памятныя даты. На гэтыя святы прыходзяць беларусы, якія звычайна зусім не наведваюць царквы. «З часам нашае Купалле ператварылася ў гарэлачна-шашлычную тусоўку, – распавёў айцец Сяргей. – Але з маёй ініцыятывы фармат змяніўся, шашлык і гарэлка зніклі з праграмы. Сёння гэта – этнаграфічнае свята з праграмаю для дарослых і дзяцей. У гэтым годзе ў нас у гасцях будзе дудар Яўген Барышнікаў».

Некаторыя беларусы, паводле святара, самі нават не ведаюць, што такое Купалле. «Гэта ўрачыстасць у гонар Янкі Купалы?», – пытаюцца яны. Калі ж святар прыйшоў у расе, нехта запытаўся, ці гэта ўсур’ёз, ці ён таксама, як і іншыя, «пераапрануўся», бо ўсе навокал былі ў народных строях. «Я – сапраўды святар», – адказаў. «А што гэта такое?» – пачуў у адказ. «Ці праўда, што скокамі праз купальскі агонь адпускаюцца ўсе грахі?», – пыталіся таксама ўдзельнікі этнаграфічнага свята. «Мы ладзім Купалле, каб прапагандаваць нашую культурную спадчыну, а ніякага магічнага ці язычніцкага зместу ў абрады не ўкладаем. Мы – беларусы і хрысціяне», – падкрэсліў айцец Сяргей.

Пра характар беларусаў

Аднаго лета айцец Сяргей разам з групаю беларускіх грэка-католікаў адправіўся ў «брытанскія Жыровічы» – санктуарый Маці Божай ва Ўолсінгем. Калі ж пілігрымы прыбылі на месца, дык проста аслупянелі – першым ў шэрагу іншых, што віселі перад алтаром у алфавітным парадку, іх вітаў афіцыйны чырвона-зялёны сцяг Беларусі. «Я падышоў і папрасіў, каб яны знялі той сцяг. Але мне раздражнёна адказалі: «Гэта той сцяг, які лічыцца дзяржаўным беларускім. Купілі, што было ў продажы. Не вы вешалі, не вам і здымаць». Мы, вядома ж, не пагадзіліся і папрасілі іх на наступны год павесіць бел-чырвона-белы сцяг. Я нават адмыслова выслаў яго арганізатарам поштаю на іхную ж просьбу. Калі ж мы прыехалі ў наступным годзе, на сваім месцы зноў лунаў чырвона-зялёны сцяг. Пілігрымы родам з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, чыю прысутнасць арганізатары таксама «ўшанавалі» сцягам суседняй дзяржавы з падобнаю назваю, урэшце здзерлі яго сярод агульнага замяшання, калі набажэнства скончылася, відаць, не пытаючыся дазволу. Беларусам такое не прыйшло б у галаву. Мы – культурная нацыя».

«Якімі б ні былі беларусы – гэта мой народ, – распавёў святар. – Сярод гэтага народу мне даў Бог нарадзіцца, і я хачу працаваць дзеля ягонага духоўнага дабра. Я бачу гэтае дабро перадусім ў дасягненні рэлігійнага адзінства беларусаў. За яе трэба змагацца, трэба шмат такту і цярпення, каб разбураць тыя перагародкі, што стаяць паміж праваслаўнымі і каталікамі. Служэнне ў такіх абставінах – гэта дадатковы крыж для грэка-каталіцкага святара. Але я прымаю гэты крыж з пакораю».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары