Алесь Бяляцкі – найлепшы беларускі публіцыст 2013 года


https://youtu.be/cYu9nN-dolE
Дзве прэміі ў адзін вечар. ПЭН-цэнтр уганараваў дзве кнігі і двух аўтараў. У кнігарні «ЛогвінаЎ» уручылі прэмію імя Алеся Адамовіча – за найлепшую публіцыстыку года – і прэмію імя Францішка Багушэвіча – за гістарычную прозу, што абуджае гістарычную самасвядомасць і гартуе нацыянальную незалежнасць.
{movie}Алесь Бяляцкі — найлепшы беларускі публіцыст 2013 года |right|16433{/movie}
Лаўрэатам першай прэміі стаў зняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі. Ягоную кнігу «Асвечаныя беларушчынай» журы палічыла найлепшым публіцыстычным творам. Сам аўтар ужо даведаўся пра ўзнагароду і падкрэсліў, што ягоная кніга – падсумаванне 25-ці гадоў працы. Словы ўдзячнасці за Бяляцкага прамовіла ягоная жонка Наталля Пінчук.

«Гэта сведчанне салідарнасці менавіта ад сваіх, ад свайго кола літаратараў», – сказала спадарыня Наталля.

Кнігу, надрукаваную ў Вільні, летась спачатку арыштавалі на мяжы, пазней суд прызнаў яе змест непажаданым для беларускага чытача.

«Гэта турэмная літаратура ў квадраце. Літаратуразнаўца, які ў турме піша пра Някляева і Фядуту, якія пісалі свае кнігі ў турмах. Хочацца, з аднаго боку, схапіцца за галаву, а з іншага боку – схіліць гэтую галаву перад мужнасцю пісьменніка, літаратуразнаўцы, публіцыста Алеся Бяляцкага», – старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч разважае пра кнігу.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча дасталася гісторыку Змітру Матвейчыку за кнігу «Паўстанне 1863–64 гадоў: нарыс баявых дзеянняў». Незвычайны гэты нарыс найперш тым, што гэта – не класічная гістарычная проза, а навукова-папулярнае выданне. Гісторык і раманіст Уладзімір Арлоў прызнаўся, што знайшоў у творы некалькі сюжэтаў для патэнцыйных раманаў.

«Я сам для сябе адкрываў шматлікія факты, падзеі, асобаў, пра якіх у далейшым я буду пісаць свае не столькі літаратурныя або навукова-папулярныя працы, а працы непасрэдна навуковыя», – разважае Зміцер Матвейчык.

А пісаць, паводле аўтара, ёсць пра што. Тэма паўстання, прызнае спадар Матвейчык, у Беларусі распрацаваная вельмі слаба і поўніцца белымі плямамі.

Іншыя тэмы: Гомельскі кінаклуб «Studio 28» паказвае кароткаметражкі з міжнароднага конкурсу «Cinema Perpetuum Mobile». Менскі індзі-рокавы гурт «The Blackmail» прэзентаваў кліп пра дарогу і марскую хваробу, зняты ў Швецыі ды Японіі.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары