Саудаўская Аравія можа паставіць Расею на калені?


Міністр нафтавай прамысловасці Саудаўскай Аравіі заявіў, што ягоная краіна гатовая павялічыць экспарт нафты на сусветныя рынкі, калі Расея працягне дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне.

На гарызонце зноў з’явілася перспектыва абвалу сусветных коштаў на нафту. У ЗША лічаць, што гэта найбольш дзейсны спосаб ціску на Расею. Міністр нафтавай прамысловасці Саудаўскай Аравіі Алі Аль-Наімі заявіў у Сеуле, што ягоная краіна гатовая націснуць на Расею. Міністр заявіў аб магчымым зніжэнні кошту да $ 100 за барэль (актуальны кошт на сусветным рынку $ 108,5).

Расея ўпэўненая, што гэта не адаб’ецца на эканоміцы, бо ў бюджэт на 2014–2016 гады закладзеная сума $ 93–95 за барэль. «Падзенне коштаў на нафту ніжэй за $ 85 за барэль катастрафічнае для яе [Саудаўскай Аравіі. – belsat.eu] бюджэту, які практычна цалкам складаецца з даходаў ад продажу нафты. Зніжэнне коштаў не выгаднае і ЗША: сабекошт здабычы сланцавай нафты складае $ 90 за барэль, калі кошт упадзе ніжэй за гэтую адзнаку, амерыканскія кампаніі панясуць страты», – кажа аналітык расейскай кампаніі «Альпары» Ганна Кокарава. Пры гэтым у Расеі ёсць магчымасць нівеляваць зніжэнне коштаў на нафту падзеннем курсу рубля, сказаў яшчэ адзін расейскі эксперт «ІФД Капітал» Віталь Крукаў.

Украінскія эксперты не такія катэгарычныя. «Пакуль гаворка ідзе толькі пра тое, што Саудаўская Аравія гатовая замяніць расейскую нафту, да моманту, пакуль узнікнуць праблемы з яе пастаўкамі праз тэрыторыю Украіны, – кажа дырэктар спецпраектаў навукова-тэхнічнага цэнтру «Псіхея» Генадзь Рабцаў. – На практыцы ім не складана павялічыць здабычу нафты, але наўзамен Саудаўская Аравія высуне ЗША свае ўмовы». Напрыклад, узмацніць ціск на Іран, Ізраіль і Егіпет. Да гэтага ЗША не гатовыя, упэўнены эксперт.

«Адразу абвалу чакаць не варта, але механізм зніжэння сусветных коштаў ужо запушчаны. Тое, што адбываецца ў расейска-ўкраінскіх дачыненнях, можа даць кумулятыўны эфект разам з іншымі тэндэнцыямі, якія складаюцца ўжо не першы год. Гэтак, развітыя краіны – ЗША, ЕЗ, Японія і Паўднёвая Карэя – ужо больш за два гады вядуць сакрэтныя кансультацыі з краінамі Персідскай затокі аб зніжэнні кошту для стымулявання сваёй эканомікі», – кажа эксперт Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія XXI» Міхаіл Ганчар.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў