Нацыя алкаголікаў: Беларусь заняла першае месца ў спажыванні чыстага спірту на душу насельніцтва


Ад алкаголю памірае больш людзей, чым ад СНІДу, туберкулёзу і гвалту, разам узятых. Летась ад зялёнага змея ў свеце сканалі каля 3,3 мільёнаў чалавек. Яшчэ ў 2005 годзе гэтая лічба была амаль на мільён меншая.

Справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя падавала звесткі са 194 краінаў. У параўнанні з усімі рэгіёнамі свету найбольш пітушчая Усходняя Еўропа.

У сярэднім кожны чалавек ва ўзросце 15 гадоў і больш выпівае 6,2 літра чыстага спірту штогод. Жыхары Беларусі пабілі гэты паказчык амаль утрая. З 17,5 літрамі на год яны захапілі пальму першынства сярод самых алкагалізаваных нацыяў. Прычым беларусы выпіваюць за год 27,5 літра, а беларускі – 9,1 літра чыстага спірту.

Што думаюць пра алкагалізм самі беларусы, глядзіце тут.

Сярод лідараў распівання алкагольных напояў аказаліся таксама Малдова (16,8 л), Літва (15,4 л), Расея (15,1 л) і Румынія.

Мужчыны паміраюць ад злоўжывання часцей, чым жанчыны (7,6 % выпадкаў смерцяў у параўнанні з 4 %). Аднак тэндэнцыя большага ўжывання алкаголю сярод жанчын няспынна расце, адзначаюць навукоўцы. Палова спажывання прыпадае на моцныя напоі, яшчэ амаль 35 % – на піва, а на віно – 8 %. У шчодрых выпіўках лідаруе моладзь: да 12 % людзей ад 15 да 19 гадоў аддаюцца эпізадычнаму п’янству.

У спавешчанні аптымістычна адзначаецца, што насамрэч алкагольныя напоі ўжывае менш як палова насельніцтва Зямлі (38,3 %). Аднак прагноз адмыслоўцаў несуцяшальны: смяротнасць ад алкаголю будзе павялічвацца. З ужываннем алкаголю звязваюць больш за 200 хваробаў, у тым ліку цыроз пячонкі ды рак. Дадаюцца сюды ахвяры, якія загінулі ў ДТЗ або былі забітыя ў алкагольных канфліктах.

САЗ заклікае змагацца са згубнаю звычкаю рознымі спосабамі: павышаць падаткі на алкаголь, забараняць рэкламу, уводзіць “сухія” гадзіны і дні. Таксама варта памятаць, што бяспечная доза для чалавека на дзень (на выбар): 60 грамаў моцных напояў (гарэлка, віскі, каньяк), або да 200 мілілітраў віна ці шампанскага, або 0,5 літра светлага піва.



ДР, belsat.eu

Стужка навінаў