Фестывальныя еўраскептыкі (фота)


Хакейны Менск амаль не заўважыў адкрыцця Фестывалю еўрапейскага кіно, які пачаўся ў Менску з французскага і чэшскага фільмаў. Першы дзень імпрэзы давёў, што хакейных заўзятараў у нас больш, чым аматараў кіно.

Прадстаўніцтва Еўразвязу і амбасады краінаў ЕЗ у Беларусі пры падтрыманні Міністэрства культуры Беларусі ўжо шосты раз праводзяць Фестываль еўрапейскага кіно. Найбуйнейшая кінападзея вясны звычайна прываблівае гледачоў актуальнымі фільмамі (арганізатары стараюцца прывезці свежыя карціны), субтытрамі (пачуць фільм на арыгінальнай мове ў Менску ўсё яшчэ складана) і бясплатным уваходам.

У папярэднія гады гэты мікс спрацоўваў дасканала і прыцягваў больш гледачоў, чым мог змясціць зал кінатэатру “Перамога”, дзе звычайна праходзяць сеансы. Летась цікаўнасць публікі была настолькі высокая, што прадпрымальныя беларусы не саромеліся перапрадаваць дармовыя квіткі.

Сёлета, аднак, першыя кінапаказы адбыліся практычна ў пустой зале. Прадстаўніца ЕЗ у Беларусі Майра Муора, якая адкрывала фестываль, сціплую яўку спісала на хакей і надвор’е: паралельна з фільмам адкрыцця праходзіў матч беларускай зборнай супраць Швейцарыі, а на Менск абрынуліся працяглыя залевы.

Загадчыца палітычнага і культурнага аддзелу пасольства Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідэнка-Новаградска, прэзентуючы фільм Робэрта Сэдлачэка “Вялікае разбурэнне” пра нараджэнне чэхаславацкай дзяржавы ў 1918 годзе, зрабіла невялікі экскурс у гісторыю культа Томаша Масарыка, якога чэхі звалі не інакш як Татачкам, прыгадала, што Чэхія заўсёды падтрымоўвала беларускае грамадства ў імкненні да дэмакратыі, а таксама прызналася, што марыць пра фінал Беларусь – Чэхія на хакейным чэмпіянаце.

Хто б ні апынуўся ў фінале турніру, квіткоў на гэтую гульню ў продажы няма ўжо некалькі месяцаў. Затое білеты на дэманстрацыі балгарскіх, славацкіх, латышскіх ды іншых еўрапейскіх стужак можна атрымаць у касе “Перамогі” за гадзіну да паказу абсалютна бясплатна – менчукі ды госці чэмпіянату могуць пасля лядовых арэнаў наведаць не толькі бары.

Спецыяльным госцем сёлетняга фестывалю будзе фінскі рэжысёр Лаўры Тэрхэнэн, які 14 траўня прэзентуе свой фільм “Мяжа 1918”. Найважнейшаю, бадай, адметнасцю гэтага года будзе пашырэнне фестывальнай геаграфіі: 19 траўня а 17-й гадзіне тыдзень кінапаказаў стартуе ў Магілёве ў кінатэатры “Космас”.

Расклад фільмаў можна паглядзець тут.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў