7,5 мільёнаў рублёў за сметніцу


7,5 мільёнаў за сметніцу. За такія кошты чыноўнікі Менгарвыканкаму настойліва рэкамендуюць набываць вулічныя сметніцы ўладальнікам кавярняў і крамаў. Раней Менскі гарвыканкам адзначыўся закупам, ужо з бюджэтных сродкаў, электронных кампосцераў за падобную ж грошы – больш за 7 мільёнаў рублёў кожны.

{movie}Каляхакейныя выдаткі |right|16391{/movie}

7,5 мільёнаў рублёў – за вось такую сметніцу брытанскай вытворчасці. Тады як аналагічная беларуская урна каштуе прыкладна 0,5 мільёна рублёў. Рашэнне набыць дарагія імпартныя сметніцы прынялі без конкурсу, звычайнага для падобных закупак. Абураныя арандатары звярнуліся ў інтэрнэт-газету “Салідарнасць”, якая першая спрабавала разабрацца ў справе.

РУСЛАН ГАРБАЧОЎ, ІНТЭРНЭТ-ГАЗЕТА «САЛІДАРНАСЦЬ»:
“Калі б сметніцы набываліся за кошту бюджэту – тэндар быў бы. Паколькі набываліся прыватнымі ды юрыдычнымі асобамі, тэндару магло і не быць. Ці планаваўся тэндар, ці, магчыма, ён быў – каментара на гэты конт нам ніхто не даў”.

На старонцы англійскага вытворцы пазначаны кошт амаль удвая меншы, чымся мусяць плаціць менскія арандатары. Магчыма, прычына ў коштах транспартавання, за які адказвае беларускае прадстаўніцтва кампаніі “Вітрум Кліма”? Але тут у каментары адмовілі ўжо “Белсату”. Бізнесовец і былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў лічыць, што на справу даўно мусілі звярнуць увагу. І не толькі журналісты.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:
“Гэта справа следчых органаў. Гэта не справа эканомікі, і не справа бюджэту. Гэта нават не рытарычнае пытанне. Ёсць у нас Следчы камітэт, калі яны там не маюць чаго рабіць, то хай пацікавяцца – адкуль такія кошты на сметніцы?”

Менская пракуратура ўжо цікавіцца іншай сталічнаю навінкаю, што з’явілася перад хакейным чэмпіянатам – электроннымі кампосцерамі. Тады паводле конкурсу “Менсктранс” набыў валідатары коштам больш як 7 мільёнаў рублёў за кожны. А гэтым разам чыноўнікі вырашылі абысціся без тэндару. І ўсё гэта на фоне неаднаразовых заклікаў кіраўніка краіны змагацца з карупцыяй.

АНДРЭЙ КЛІМАЎ, БЫЛЫ ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ:
“Калі карупцыя настолькі ўжо актуальная, што падымае рэйтынг дзейных уладаў, то да якой ступені дэградацыі мы дайшлі? Бо крадзем жа адзін у аднаго…”

Сметніцы і электронныя кампосцеры, што каштуюць, як неблагі ноўтбук. Колькі яшчэ спрэчных рашэнняў прынялі менскія чыноўнікі перад хакейнай імпрэзаю? Даведаемся хіба ўжо пасля заканчэння чэмпіянату.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/pEXYbriUdz8

Глядзі таксама
Каментары