На якой мове размаўлялі ў ВКЛ?


На якой мове быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага? Аказваецца, не так проста адказаць на гэтае пытанне, бо для адзінай дзяржаўнай мовы ВКЛ сёння існуе больш за 40 назваў!

Мове ВКЛ прысвяцілі чарговае выданне праграмы «Моўнік», якая выходзіць на «Белсаце» штосуботу а 19:05. Паглядзець яе вы можаце ў наўпроставай трансляцыі на нашай старонцы або ў закладцы «Нашыя праграмы».

{movie}На якой мове размаўлялі ў ВКЛ? / Праграма “Моўнік”|right|16369{/movie}

Паводле мовазнаўцы Ірыны Будзько, калі абмяркоўваць мову ВКЛ, трэба пачаць з саманазвы, то бок з таго, як самыя грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай называлі сваю мову – руская. Гэтак жа акрэслівалі мову сваіх твораў Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Лаўрэнцій Зізаній. Такая ж назва за дзяржаўнаю моваю ВКЛ зацверджаная ў Статутах 1566 і 1588 гадоў.

Беларускія навукоўцы выкарыстоўваюць тэрмін «старабеларуская мова». А ўсяго назваў Ірына Будзько налічыла больш за 40, сярод якіх – польско-русский язык, письменный язык Литовской Руси, литературно-письменный язык ВКЛ, старинная западно-русское наречие, ззападно-русский язык, литературный южно-русский язык, україньска літературна мова, староукраинский язык, украинско-белорусский язык, славено-польский язык, польско-словяно-руська мова, język polsko-białoruski, славяно-белорусско-украинский і г. д.

«Барацьба за назву» то занікала, то разгаралася зноў. Найбольш актыўныя перыяды прыпалі на 1920-я гады і напачатку ХХІ стагоддзя. Беларускія і ўкраінскія даследнікі імкнуцца захаваць менавіта этнічны складнік назвы, а за іншымі – наадварот, пазбавіць яе этнічнасці. «Тэрмін «старабеларуская мова» крытыкуецца менш за ўсё», – адзначае Ірына Будзько.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў