STARавіны. На здароўе!


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта? У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Мы часта, віншуючы каго-небудзь са святам, зычым добрага ці моцнага здароўя. Сустракаючы адзін аднога, пытаем пра здароўе. 100 гадоў таму здароўе таксама было важнаю тэмаю і для размоваў, і для газетаў.

Надта сур’ёзнаю была хвароба туберкулёз. 21 красавіка ў Магілёве аддзяленне Усерасійскай лігі барацьбы з туберкулёзам правяло «Дзень белай кветкі» – збор грошай на пабудову спецыялізаванага санаторыю. На валу гораду зарганізавалі гулянні, запусцілі паветраны шар, адбыўся феерверк, у Мураўёўскім скверы гралі два аркестры (вайсковы ды мясцовай пажарнай аховы). Кубкавы збор прынёс прыблізна 1761 руб. Такое свята белай кветкі прайшло 26 траўня ў горадзе Рагачове, мястэчках Чачэрск і Жлобін. У жніўні губернатар зацвердзіў статут прыватнай амбулаторыі лігі, якая бясплатна будзе дапамагаць немаёмасным хворым.

Усе мы час ад часу пакутуем ад зубнога болю. І сто гадоў таму прапаноўвалі лекаванне, пламбаванне золатам і фарфорам, устаўку штыфтовых зубоў, электрадыягностыку і вібрацыйны масаж, штучныя зубы на золаце і каўчуку, маставыя ды літыя пратэзы. А я думаў, што гэта дасягненне сённяшняга дня, а аказваецца, нас лечаць па-даўнейшаму.

Ці не сустракаецца ў нас такая з’ява, якую апісвае ў артыкуле К. Барсук, што пісаў пра ашуканцаў – распаўсюднікаў «навамодных лекаў»? Чытаем: «А прыманка панадная бывае: каб лягчэй аблутаць хворага, даверчывага чэлавека друкуецца, што лекарства выйшла з «лабораторый», зазвычай нікому не вядомых, (як напрыклад: лабораторыя «Кольтоко», «Нью Іорскі інстытут» і інш.), да лекарстваў прышпіляюць імёны дактароў і прафэсароў, каторых ніколі не было на сьвеці (як: францускі доктар факультэта (!) прафэсар Марконі, Бібэр, Вагнэр і інш.). Пішуць, што лекарства пусцілі ў продаж пасьля доўгіх проб у клініках і бальніцах. Далей ідуць у абвестках адозвы «князёў, дактароў, фэльчароў, атаманоў і артыстоў, усё здуманые падзякі вылечэных, каторых ніколі не было, і нават партрэты асоб, каторые бытцым вылечыліся» («Наша Ніва», 1913, № 7, с. 1).

Думаю, цікава будзе даведацца са старой рэкламы пра тое, што рэкламуюць і ў нашыя дні. «Пад’ём сіл і духа, успакаенне нэрвовай сістэмы, узбуджэнне апетыта, паляпшэнне харчаварэння – усё гэта дае гематоген доктара Гоммеля з Пецярбурга». Лячэбны кефір Вальшока раілі піць нервовым, малакроўным, слабым і стомленым, пры лёгачных, грудных хваробах і ад страўніка, у перыяд выздараўлення для павышэння энергіі арганізму.

Сто гадоў таму пачыналася санаторнае і курортнае лячэнне ў Беларусі. У Друскеніках існавала акцыянернае таварыства Друскеніцкіх мінеральных водаў, якое мела свае пансіянаты (самы знакаміты – «Брыстоль») і прапаноўвала за грошы ахвочым саляныя, гразевыя, вуглякіслыя і «электрычныя» ванны на 45 хвілінаў. Можна было пашпацыраваць у лесе і падыхаць цудоўным паветрам, за што таксама трэба было заплаціць – 1 руб. 60 к. за 7-дзённы часовы квіток («Наш край», 1912, № 115, с. 3).

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў