Галасаванне пад Пагоняю. У Літве выбіралі прэзідэнта


У нядзелю 11 траўня ў Літве распачаліся прэзідэнцкія выбары. У выбарчым спісе – больш за 2,5 млн выбарнікаў.

Дзейная кіраўніца рэспублікі Даля Грыбаўскайце балатуецца на другі тэрмін. Ейныя канкурэнты – шэсць кандыдатаў: прадстаўнік кіроўных сацыял-дэмакратычных сілаў Зігмантас Бальчыціс, кандыдат ад Партыі працы Артурас Паўлаўскас, лідар Выбарчае акцыі палякаў Літвы (партыі, якая рэпрэзентуе інтарэсы польскай меншасці) Вальдэмар Тамашэўскі, мэр Вільні Артурас Зуокас, мэр Ігналіны Броніс Ропе і дэпутат Нагліс Пуцяйкіс.

Браць удзел у выбарах збіраўся таксама былы прэзідэнт Раландас Паксас, аднак Выбарчая камісія адмовілася рэгістраваць ягоную кандыдатуру (спаслаўшыся на закон, паводле якога ў выбарах не можа прымаць удзелу былы прэзідэнт, які страціў пасаду ў выніку імпічменту).

Кандыдат можа перамагчы ў першым туры, калі яго падтрымае больш за палову грамадзянаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні (пры яўцы больш за 50 % ад колькасці выбарнікаў), ці як мінімум дзве траціны тых, хто прагаласаваў (пры яўцы менш за 50 %). У іншым выпадку адбудзецца другі тур.



Фаварытам выбарчае кампаніі лічыцца дзейная прэзідэнт. Па выніках апытання, праведзенага ў красавіку кампаніяй «Spinter tyrimai», за Грыбаўскайце гатовыя былі прагаласаваць 46 % рэспандэнтаў. Другое месца паводле рэйтынгу займаў кандыдат ад сацыял-дэмакратаў Зігмантас Бальчыціс (прыблізна 13 %), трэцяе – прадстаўнік Партыі працы Артурас Паўлаўскас (прыблізна 10 %).

Далю Грыбаўскайце, якая ў мінулым працавала міністрам фінансаў і еўракамісарам у пытаннях бюджэту, абралі прэзідэнтам у 2009 годзе. Тады яна перамагла ў першым туры, набраўшы прыблізна 70 % галасоў. У выбарах 2009 года, як і цяпер, Грыбаўскайце брала ўдзел як незалежная кандыдатка.

МЯ, belsat.eu, паводле lenta.ru

Стужка навінаў