Недасяжнае жытло


Сваё жытло – усё больш недасяжнае. І гэта таксама адно з наступстваў загаду кіраўніка краіны, паводле якога з першага красавіка службовыя кватэры сталі камерцыйнымі. А іх жыхароў знялі з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў, бо, як мяркуе Аляксандр Лукашэнка, яны маюць, дзе жыць.

{movie}Недасяжнае жытло|right|16361{/movie}

Прапрацаваць усё жыццё дворнікам, каб атрымаць запаведныя квадратныя метры ва ўласнасць. Дзеля гэтага ў цяжкія 1990-ыя Наталля Мінеева – адмыслоўца з сярэднетэхнічнаю адукацыяй – уладкавалася ў ЖРЭА.

НАТАЛЛЯ МІНЕЕВА:
“Вельмі цяжкая праца: і ў дождж і ў снег, і ў халадэчу. Неймаверна цяжкая жаночая праца. Да таго ж яшчэ маючы дваіх маленькіх дзяцей”.

Спачатку Наталля працавала ў ЖРЭА № 1, а пасля перавялася ў ЖРЭА № 2 таго ж Фрунзенскага раёну сталіцы, агулам адпрацаваўшы там больш за 10 гадоў. Але перавод даў падставы чыноўнікам адмовіць ёй у прыватызацыі. З непрыватызаванай жа кватэры сям’я цяпер мае з’ехаць, бо паводле ўказу прэзідэнта, службовае жытло з 1-га красавіка стала камерцыйным.

НАТАЛЛЯ МІНЕЕВА:
“Прыслалі ўсёй маёй сям’і – усім чатыром асобам – добраахвотнае высяленне. З тым, каб я аддала добраахвотна ключы ад кватэры ды высялялася, куды хачу. Толькі не ведаю, куды”.

Дапамагчы дачцэ пастанавіў бацька – 75-гадовы пенсіянер.

ВАЛЕРЫЙ МІНЕЕЎ, БАЦЬКА НАТАЛЛІ:
“Дачка ўся ў слязах. Пытаюся, у чым рэч. Кажа, пяць гадоў хаджу па інстанцыях, хачу прыватызаваць кватэру. Не дазваляюць. Склала рукі. Нічога мне больш не трэба, хоць у пятлю лезь”.

Тамы ліставання, дзясяткі кіламетраў па дзяржустановах, гадзіны чакання перад кабінетамі чыноўнікаў. Так бацька спазнаў той жа ланцуг бюракратыі – і з тым жа вынікам.

ВАЛЕРЫЙ МІНЕЕЎ, БАЦЬКА НАТАЛЛІ:
“Паўсюль мне адказвалі адное і тое ж: “Вашая дачка не адпрацавала ў ЖРЭА дзесяць гадоў – прыватызацыя немагчымая”. Але, спадарства, з якога часу ЖРЭА размяркоўвае кватэры? Гэта ж функцыя адміністрацыі раёну, а не ЖРЭА”.

Глухія да аргументаў чыноўнікі прапануюць жанчыне, як і тысячам іншых беларусаў, здымаць кватэры, у якіх яны дасюль жылі.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Каб яны выплочвалі не кошт кватэры, а арэндавалі яе, то бок набывалі ў растэрміноўку не набываючы права ўласнасці”.

Здымаць жа кватэру ў Наталлі магчымасці няма.

НАТАЛЛЯ МІНЕЕВА:
“Нават у думках такога няма. З нашымі заробкамі!”.

Тым больш, што дзяржава пра стан сваіх кватэраў не клапоціцца.

НАТАЛЛЯ МІНЕЕВА:
“Вокны развальваюцца, сцены ў кватэры развальваюцца…”.

Справа Мінеевых цяпер вырашаецца ў судзе. Сям’я спадзяецца, што Феміда стане на іхны бок. А калі не?

ВАЛЕРЫЙ МІНЕЕЎ, БАЦЬКА НАТАЛЛІ:
“Паедзем тады ў адміністрацыю жыць. У фае. Майдан зладзім беларускі”.

Толькі ўлады, што пазбаўляюць людзей уласнага кута, гэтак жа лёгка пазбаўляюцца і намётавых пратэставых лагераў.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў