Фантастычны 200-ты гол Васілюка! (Відэа + інтэрв’ю)


Форвард берасцейскага «Дынама» Раман Васілюк забіў свой 200-ты гол у беларускім чэмпіянаце. Гэта таксама супала з 500-м матчам у ягонае кар’еры.

{movie}Фантастычны 200-ты гол Васілюка! (Відэа + інтэрв’ю)|right|16354{/movie}

Здарылася гэта 10-га траўня ў Берасці, калі менскае «Дынама» сенсацыйна саступіла ў дэрбі мясцоваму «Дынама». Раман Васілюк забіў гол і аддаў галявы пас, дзякуючы чаму берасцейцы, якія займалі апошняе месца ў табліцы чэмпіянату, выгулялі з лікам 2:1. Дасюль Менскае «Дынама» не ведала няўдачаў – лідаравала ў чэмпіянаце.

Рэкорд 35-гадовага Васілюка паўтарыць бліжэйшым часам будзе немагчыма – найбліжэйшы пераследнік Валерый Стрыпейкіс скончыў гульнявую кар’еру і мае на рахунку 174 галы. З гульцоў найвышэйшай лігі 110 галоў у чэмпіянатах Беларусі мае нападнік Гомля 33-гадовы Генадзь Блізнюк і 30-гадовы форвард БАТЭ Віталь Радыёнаў, які забіў 106 галоў. Больш ніхто за ўсю гісторыю беларускага незалежнага футболу не змог перакрочыць за сто галоў. Да таго ж Васілюк аддаў 94 галявыя перадачы. Гэта таксама рэкорд. У найбліжэйшага пераследніка Віталя Валадзянкова – 91.

За сваю кар’еру Васілюк гуляў за берасцейскае і менскае «Дынама», мазырскую «Славію», «Гомель», барысаўскі БАТЭ, ФК «Менск», расейскі «Спартак» і «Гапоэль» («Hapoel») з Тэль-Авіву. Двойчы перамагаў у Кубку і чэмпіянаце Беларусі, аднойчы – у чэмпіянаце Расеі. Двойчы станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянатаў Беларусі. А ў 2001 годзе ў форме нацыянальнай зборнай Беларусі забіў чатыры мячы ў браму зборнай Польшчы, такога таксама нікому не ўдалося паўтарыць.

Васілюк не вельмі любіць размаўляць з журналістамі, тым больш падчас сезону. Пра інтэрв’ю пасля 200-га голу Васілюка журналіст «Белсату» дамовіўся яшчэ летась у снежні. І слова Раман стрымаў, заявіўшы, што лічыць 200 галоў у пяцістах матчах выдатнаю лічбаю, але спыняцца на ёй форвард не збіраецца.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў