Мясніковіч хоча рэанімаваць вёску. Чакаем новую хвалю «прыпісак»?


Адмысловая працоўная група пад кіраўніцтвам прэм’ера Міхаіла Мясніковіча хоча знізіць стаўкі па крэдытах для сельскагаспадарчых арганізацыяў: «Ёсць ускосны механізм, гэта не простая сувязь паміж коштам крэдыту і дэпазіту. Тут дзяржава мае намер прымаць удзел як актыўны, будзем гэтак казаць, гулец на фінансавым рынку».

Дзе ўзяць грошы на калгасы?

Праз неэфектыўную сістэму кіравання і састарэлыя тэхналогіі сельская гаспадарка Беларусі прыносіць страты. Паводле афіцыйнае статыстыкі, толькі за першыя два месяцы гэтага года сельскагаспадарчыя арганізацыі прынеслі страты на Br 445 млрд. Гэта 128 арганізацыяў, яшчэ год таму, у снежні–лютым, іх было ўдвая менш – 56.

Найбліжэйшымі днямі міжведамасная рабочая група ў справах пытанняў АПК пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясніковіча выкажа свае прапановы ў развіцці аграпрамысловага комплексу. «На наступным тыдні будуць разглядацца падыходы фармавання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і праграмы на наступную пяцігодку, таму мы будзем выносіць даволі смелыя пастановы адносна развіцці народнагаспадарчага комплексу краіны», – цытуе Мясніковіча дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Старшыні калгасаў будуць «адказваць галавою»

Падрыхтаваныя міжведамаснаю рабочаю групаю праекты нарматыўных прававых актаў адносна пытанняў развіцця АПК будуць абмяркоўвацца з 12-га да 17-га траўня ў рэгіёнах з удзелам кіраўнікоў гаспадарак, раёнаў і аблвыканкамаў. Акцэнт зробяць на павышэнне дысцыпліны ды адказнасці кадраў. У некаторых нарадах тлумачыць новую палітыку на вёсцы будзе асабіста Міхаіл Мясніковіч.

«Мы будзем яшчэ раз даводзіць патрабаванні ўжо да новай эканамічнай палітыкі аграрнага комплексу, пытанні адказнасці кадраў за невыкананне тэхналогіяў, арганізаванасці, дысцыпліны, – зазначыў кіраўнік ураду. – Мы на гэтым губляем прыблізна Br 1,5 млрд выручкі, таму трэба, безумоўна, берагчы кожную капейку».

«Вечны рухавік» прыпісак

Калі «новая палітыка» на вёсцы не спрацуе, то адказваць за гэта давядзецца мясцовым дробным чыноўнікам і кіраўнікам калгасу. Адзінае, што іх можа прынамсі на некаторы час уратаваць – майстэрства «прыпісак», якім на некаторых прадпрыемствах авалодалі ў дасканаласці. Гэтак, у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці прыпіскі ў малацэ склалі да 10 % ад агульнага аб’ёму гадавой вытворчасці.

Гэтак, у гомельскай гаспадарцы «Ельск» па правяранні з Дзяржкантролю знайшліся 217 цялятаў, якія… існавалі толькі на паперы. Фікцыйная скаціна дапамагла калгасу не толькі падправіць статыстыку ў колькасці галоваў – цяляты «раслі» – у справаздачах расла вага. «Папяровых» цялятаў трэба было чымсьці «карміць» – гэтак узніклі павышаныя надоі, праўда, таксама – толькі на паперы. Усе гэтыя поспехі дазволілі налічыць працаўнікам павышаныя заробкі. А ўдзячныя калгаснікі, у сваю чаргу, выдаткоўвалі частку заробкаў на тое, каб набыць… «прыпісанае» малако. Цяпер Дзяржкантроль правярае іншыя гаспадаркі на наяўнасць такіх схемаў.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары