Вуліцы Менску сталіся тэатрам (фота)


Другі менскі форум вулічных тэатраў распачаўся карнавальным шэсцем артыстаў ад гарадской ратушы да сцэнічных пляцовак на тэрыторыі Верхняга гораду. Тут пад адкрытым небам цягам двух дзён правядуць больш за 20 бясплатных спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Славеніі, Расеі. Самыя далёкія госці – кубінцы.

Менскі форум вулічных тэатраў ладзяць другі раз. Цягам некалькіх дзён тэатры ствараюць на пешаходных вуліцах Мінску відовішчныя і тэатральныя шоу.

Навінка сёлета – адукацыйная праграма.

У межах форуму з 8-га траўня ў Цэнтры сучасных мастацтваў Лятучы ўніверсітэт ладзіць шырокую адукацыйную праграму. Адбываюцца розныя майстар-класы, тэарэтычныя лекцыі, дыскусіі, прысвечаныя праблемам мастацтва ў гарадской прасторы. Там сама можна навучыцца жангляванню, узяць удзел у перформансах, папрацаваць з майстрамі над вобразамі жывых скульптураў і над пластыкаю цела.

Арганізатары: Мы хочам, каб глядач увабраў дэмакратычную атмасферу

Каардынатар форуму Уладзімір Галак распавёў «Белсату», што вулічныя тэатры для Беларусі – гэта не зусім новая з’ява. У нас ёсць кампаніі, якія працуюць у жанры вулічнага тэатру, але яны працуюць паасобку. «Не было вялікіх мерапрыемстваў, каб была магчымасць сабраць тэатры ў адным месцы. І я бачу, што наш форум змог гэта зрабіць, спадзяюся, што ў нас гэта атрымліваецца. Мы хочам, каб глядач увабраў дэмакратычную атмасферу вулічнага тэатру, каб выйшаў за межы самога сябе, каб павесяліўся на вуліцах трохі. На вуліцы можна не толькі хадзіць, размаўляць ці думаць, а можна яшчэ весяліцца, атрымліваць “фан”».

Цягам двух дзён – 9-га і 10-га траўня – у Менску адбудуцца перформансы больш як 30 калектываў у розных жанрах: інтэрактыўным, жывой статуі, фарсу, з элементамі карнавалу. «Будзе вельмі вялікае відовішча, вельмі дэмакратычнае ў сваёй атмасферы», – дадаў Уладзімір Галак.

Варта наведаць спектакль «The Streetwalker» тэатру «KUD Ljud». Гэта інтэрактыўная галерэя «ready-made»-аб’ектаў пад адкрытым небам, што пройдзе каля музею Ваньковіча ў нядзелю аб 11:00. Акторы абяцаюць адкрыць для гледачоў зусім новае бачанне на рэчы, якія ўсім даўно вядомыя і звычайна не выклікаюць цікавасці. У суботу а 20:00 чакаецца незвычайнае прадстаўленне «Maruczella» польскага тэатру«Nikoli», якія ствараюць атмасферу нямога кіно.

Выступы тэатральных калектываў з розных краінаў будуць адбывацца ў адзін час на 5 пляцоўках Верхняга гораду. Поўную праграму выступаў можна знайсці на афіцыйным сайце фэсту.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары