Недарэчны Пуцін


Уладзімір Пуцін узяў удзел ва ўрачыстых імпрэзах і парадзе Чарнаморскага флоту ў Севастопалі ў гонар Дня Перамогі. Гэта першы візіт расейскага прэзідэнта ў Крым пасля анексіі.

Прыезд кіраўніка Крамля праходзіць на фоне зацятых баёў у Марыупалі. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку сутыкненняў паміж украінскімі сілавікамі ды экстрэмістамі загінулі больш за 20 чалавек, 4 параненыя.

З нагоды візіту Пуціна ў Севастопаль улады Украіны выказалі афіцыйны пратэст. Згодна з МЗС Украіны, гэта правакацыя, якая «пацвярджае, што Расея свядома ідзе на далейшую эскалацыю напружанасці ды не жадае ўрэгуляваць праблемных пытанняў двухбаковых дачыненняў дыпламатычным шляхам».

Абурэнне выказалі Вашынгтон і НАТО. Прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Лора Магнусан заявіла, што гэтая паездка можа прывесці да ўскладнення сітуацыі вакол Украіны.

А генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн назваў візіт Пуціна «недарэчным» і пацвердзіў, што НАТО як арганізацыя больш не супрацоўнічае з Масквою.

Тым часам Еўрапейскі Звяз рыхтуецца пашырыць спіс санкцыяў – як мінімум на 15 грамадзянаў Расеі ды 5 крымскіх кампаніяў. Канчатковае рашэнне пра дадатковыя санкцыі будзе прынятае на сходзе кіраўнікоў МЗС ЕЗ 12 траўня.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў