Чэмпіянат па зменах (+фота)


За гэтую вясну Менск змяніўся болей, чым за апошнія некалькі гадоў. Сёння пачынаецца важны іспыт сталіцы.

На тле гэтага віру пераменаў можа падасца, што нават дрэвы распусцілі лісты адмыслова да чэмпіянату свету. Але важна размежаваць сапраўдныя «хакейныя» рэформы з рэгулярнаю жыццядзейнасцю места: гарадскія фантаны заўсёды пачынаюць працаваць у пачатку траўня, а аўтавакзал «Маскоўскі» зачынілі не праз хакей.

Карыстальнікам публічнага транспарту кідаецца ў вочы элегантнасць менскіх кіроўцаў: яны змянілі алкагалічкі і цяльняшкі на блакітныя кашулі ды сінія камізэлькі. Менчукі каментуюць, што пачуваюцца быццам у Еўразвязе: там ўніформа кіроўцаў – звычайныя з’ява. Але ёсць і крыўда на тое, што гэта робіцца толькі цяпер, перад чэмпіянатам – хутчэй для замежнікаў, а не для менчукоў. Змяніўся і выгляд транспарту: цяпер кожны пяты аўтобус нагадвае або пра чэмпіянат, або пра Дзень Перамогі. Абсалютна на кожным борце ёсць талісман сёлетніх спаборніцтваў – зубр-гідрацэфал Валера. На гэтак званых турыстычных лініях аўтобусных маршрутаў № 1 і № 100 цяпер курсуюць новенькія МАЗы апошняй, 215-й, мадэлі – прасторнейшыя, з ціхім рухавіком ад “Мерседэса”, пафарбаваныя ў жоўты колер замест фірмовага зялёнага.

Часам пазітыўным зменам у горадзе спадарожнічаюць негатыўныя. Метро загаварыла па-ангельску – і адразу падаражэла да 3700 рублёў. Толькі на змену рарытэтным кампосцерам прыйшлі электронныя валідатары, як кіраўнік праекту “Кошт ураду” Уладзімер Кавалкін даведаўся, што цана адной прылады – 727 долараў, танней было б усталяваць у тралейбусах планшэтныя камп’ютары.

Дзеля справядлівасці, кожную негатыўную з’яву можна ўраўнаважыць нейкім пазітывам. У Менску сапраўды практычна няма дэмакратычных бараў і фаст-фудаў, дзе можна было б паесці за два долары і выпіць піва за адзін. Але тут процьма зялёных зонаў – заўсёды можна ўзяць салат з марской капусты або ёгурт і з’есці на лаве ў парку Горкага, Чэлюскінцаў ці 50-годдзя Кастрычніка. Так-так, тут практычна няма роварных парковак, затое новы ровар беларускай вытворчасці каштуе 1 230 000 рублёў – не шкада, калі і скрадуць.

Найвялікшая змена, якая сустрэла Менск, – замежныя госці. Славацкія і чэшскія заўзятары шпацыруюць праспектам у форме сваіх гульцоў, групы шведаў і фінаў фатаграфуюць кожны сантыметр гарадской прасторы, а расейцы з латышамі акупуюць усе піўныя ў цэнтры. Менчукі прыглядваюцца да іх – і прагнуць, і баяцца кантакту адначасова. Дзяўчаты ў метро гадаюць: той прыгажун – тутэйшы ці залётны? Амапаўцы ветліва пытаюцца мінака, які перайшоў на чырвоны: з якой краіны? І не даюць штраф нават пасля інфармацыі, што ён мясцовы. Менчукі ўздыхнулі з палёгкаю: госці прыехалі, і іх – шмат.

Да наступнага чэмпіянату, які нам дадуць правесці гадоў праз дваццаць, Менск будзе жыць успамінамі – пра ўсмешкі памежнікаў, пра кошты кватэраў на содні, пра дранікі ў японскіх рэстарацыях. Напэўна, нас не напаткае навала замежных турыстаў, якіх пасля сканчэння турніру будзе трымаць на дыстанцыі візавая заслона. Магчыма, перастане размаўляць па-ангельску метро, а кіроўцы аўтобусаў ізноў нацягнуць швэдры. Але гэты чэмпіянат дасць менчукам магчымасць зрабіць сеанс эмпатыі – і паглядзець на саміх сябе вачыма іншых, каб зразумець, што гэта за горад, дзе яны жывуць.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары