«Я баялася толькі дзвюх рэчаў: трапіць у палон і смерці»


Гісторыя франтавой медсястры, якая прайшла ад Арла да Горадні.

Зінаідзе Гуляевай 91 год, жыве ў Горадні, рэгулярна яе наведвае ўнук. Яна працавала тут медыкам у паліклініцы. А нарадзілася ў горадзе Арле, адкуль праз вайну і кіламетры трапіла на Гарадзеншчыну.

Пайшла на фронт, каб… выжыць

Бацькі яе памерлі яшчэ да вайны. Усіх дзяцей было чацвёра: брат і тры сястры. Фашысты падступалі да Арла. Калі ім заставалася 30 кіламетраў да гораду і чуваць было стрэлы, спадарыня Зінаіда паехала да сястры ў Маскву, якая ўжо была ў стане аблогі. «Тэлевізараў тады не было, толькі радыё. Нас інфармавалі, як вывозяць у палон моладзь і як здзекуюцца з дзяўчат. Мне тады было 18».

У сталіцы ўжо ўсё было па картках, заводы эвакуявалі, ніхто не ведаў, ці атрымаецца абараніць Маскву ад захопнікаў. «Але Сталін, наш галоўнакамандуючы з Масквы, не выязджаў, не так, як Януковіч. Народ верыў Сталіну… У Маскву кінулі ўсю ваенную тэхніку, найлепшыя войскі”.

Каб было, за што жыць, спадарыня Зінаіда скончыла медычныя курсы і пайшла на фронт. Яна навучылася накладаць павязкі, спыняць кроў, аказваць першую дапамогу.

Старэйшая сястра была партыйная, а такіх, паводле чутак, немцы вешалі, таму яна з Арла паехала ў Сібір, у горад Омск. Яшчэ адна сястра засталася ў Маскве працаваць выхавальніцаю. Малодшы брат застаўся пад акупацыяй у Арле. Пасля ён ваяваў ува Украіне. Спадарыня Зінаіда хацела напісаць у тэлепраграму “Чакай мяне”, каб дапамаглі адшукаць брата, але гэтак і не сабралася. «У іх жа цяпер ува Украіне такое робіцца!..»

«Было страшна, але я была не адна»

У ваколіцах Масквы было страшна, калі бамбілі ды яшчэ зверху стралялі. Але я была не адна, са мной яшчэ былі дзяўчаты-медыкі. Нас не кідалі на самую перадавую. Пасля бою мы ішлі ўслед і збіралі параненых. У каго кроў біла фантанам, на месцы перавязвалі, жгут накладалі. Калі рана лягчэйшая, вялі яго ў медсанбат. Там дактары сартавалі: каму аскепкі дастаць, то на месцы. Калі руку або нагу ампутаваць, то эшалонам накіроўвалі ў найбліжэйшыя шпіталі. Нас бераглі, бо без медыкаў палова б салдатаў загінула на палях бою.

Доктар любіла медсястру Зіначку і нават пакінула ёй картку на памяць: «Найлепшай медсястры Зіначцы, 1943 год».

Умовы жыцця былі, як на вайне. Калі спыняліся ў мястэчку ці ў вёсцы, гаспадыня магла падрыхтаваць «лазню»: слала салому на падлозе, грэла ваду – гэтак усе мыліся. А пасля побач, не распранаючыся, разам спалі і мужчыны, і жанчыны. Але мыцца атрымлівалася не часта, таму распаўсюджваліся вошы, а праз іх сыпны тыф.

У спадарыні Зінаіды таксама паднялася тэмпература да 39. Яе знялі з печкі ды павезлі ў шпіталь інфекцыйных захворванняў. Тады адмысловых прыстасаванняў было мала. Лекар паслухаў яе проста вухам і сцвердзіў: “У вас тыфу няма”. “А сёння ж людзі аналізы здаюць, флюараграфію, а тады проста вухам… Мяне ж ужо дзесяць гадоў ніхто не слухаў. Нам цяпер лекі выдаюць бясплатна, тыя што таннейшыя…»

Кармілі на фронце нармальна. Разам з імі ехала палявая кухня. На вайне Зінаіда ўпершыню пакаштавала чырвоную ікру.

«Яны як прыйшлі, гэтак і пайшлі»

Нарэшце немцаў пагналі ад Масквы. Яны як прыйшлі, гэтак і пайшлі. У ваколіцах Масквы быў такі выпадак. Нашая санітарная машына ехала з медыкаментамі, за намі ішлі старэйшыя людзі ў абмотках… І раптам у лесе зусім блізка мы пачулі нямецкую гаворку. Мы ледзь не трапілі ў акружэнне.

Ратавацца трэба было хутка. Усіх пасадзілі на грузавыя машыны і накіравалі ў Беларусь. Аўтобус з медыкаментамі аблілі бензінам і спалілі.

Я баялася толькі дзвюх рэчаў: трапіць у палон і смерці. Але ж думала, калі памерці, то лепш імгненна. Гэта ж былі карнікі!.. Былі таксама псеўдапартызаны, якія прыходзілі ўначы і ўсё забіралі ў людзей. Дык дзяўчаты нават падманвалі іх, заводзілі ў які хлеў, раздзявалі ды знянацку забівалі.

Маладыя дзяўчаты дапамагалі вайскоўцам і маральна. Яны пісалі лісты невядомым салдатам на фронт, падпісвалі “найлепшаму пяхотніку”, “найлепшаму афіцэру”, “найлепшаму артылерысту” – і свой адрас. “Чалавек, калі атрымліваў ад незнаёмай дзяўчыны ліст, ужо інакш пачуваўся, больш меў сілаў на барацьбу – “у мяне ж там дзяўчына ёсць!”.

На фронт дзяўчаты дасылалі і самаробныя капшукі для махоркі, рукавіцы, шкарпэткі. Завязвалася ліставанне, пасля некаторыя жаніліся. “А махорку і 100 грамаў гарэлкі выдавалі абавязкова кожнаму перад боем, праўда, я аддавала сваю частку іншым”.

Партызанам дапамагалі дзеці васьмі-дзесяці гадоў ці старыя людзі, перадавалі сакрэтныя цыдулкі пра размяшчэнне ворага. Калі малога спынялі, ён мусіў паспець праглынуць пасланне.

Былі добрыя людзі і сярод немцаў. Сяброўка расказвала спадарыні Зінаідзе, як у акупацыі пасля трывожнага сігналу ўсе пайшлі ў сховішча. А немец падышоў і папярэдзіў, каб яны выходзілі, бо па гэтым месцы меліся прайсці танкі, і ўсіх бы засыпала зямлёю. Нашыя медыкі таксама ратавалі на полі бою не толькі сваіх, але і немцаў.

Выглядае маладой, любіць цукеркі і цешыцца мірным часам

Пасля вайны спадарыня Зінаіда засталася ў Горадні. На вайне ёй было не да кахання – выйшла замуж яна ўжо апасля. Але мужык надта раўнівы быў, падымаў руку, давялося разжаніцца. Дачка памерла ў маладосці ад раку, пакінула па сабе малога ўнука Сярожу. Цяпер яму каля сарака гадоў, прыходзіць да бабулі нярэдка, але матэрыяльна не дапамагае.

Выглядае спадарыня Зінаіда выдатна. «Мы галадалі раней, а зараз моладзь за сабой не сочыць, есць усё, што трапіцца». Яна робіць зарадку шторанку, любіць цукеркі. Цешыцца, што ў краіне спакойна, гаворыць, што да ветэранаў лепш ставяцца, чымся адразу пасля вайны. Мае сілы ездзіць на ўзнагароджванні, экскурсіі, канцэрты – гэтымі травеньскімі днямі іх не бракуе.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў