Запрашаем у зону! Гасціннасці…


У Менску пачалі працу зоны гасціннасці чэмпіянату свету па хакеі 2014 года – у ваколіцах Палацу спорту, каля Менскага лядовага палацу (вул. Прытыцкага 27) і ў Студэнцкай вёсцы (пр-т Дзяржынскага).

Гандлёвая плошча зоны гасціннасці каля Палацу спорту складае 13 тыс. кв. м. Тут будуць працаваць 27 прадпрыемстваў гандлю, пад парасонамі паставілі сталы з крэсламі, працягласць гандлёвых радоў складзе 500 м. Гасцей будуць абслугоўваць каля 700 асобаў.

Каля Палаца спорту таксама арганізавалі выставу рамеснікаў і майстроў народнай творчасці «Горад майстроў». Яна будзе працаваць увесь перыяд правядзення чэмпіянату штодня з 10:00 да 20:00. У выставе возьмуць удзел больш за 100 найлепшых майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі ды Менску, якія прэзентуюць розныя віды рамесніцтва (ганчарства, бондарства, разьба па дрэве, пляценне з лазы, саломапляценне, каванне металу, вышыўка, ткацтва, кераміка, ювелірная справа, апрацоўка каменя, скуры, выраб паштовак, лялек і іншыя). Гандлёвыя месцы на выставе будуць аформленыя ў нацыянальным стылі ды ў выглядзе беларускіх падворкаў. Майстры ў нацыянальных строях будуць праводзіць майстар-класы традыцыйных беларускіх рамёстваў.

Кошт дробных сувеніраў на выставах складзе ад 20 да 100 тыс. рублёў. Акрамя іх, можна будзе набыць і больш дарагія вырабы: плеценую мэблю, саматканыя прадметы гардэробу і інтэр’еру, драўляныя вырабы для інтэр’еру і шмат іншага.

У зонах гасціннасці прадугледжваецца культурна-забаўляльная праграма.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары