Беларускія войскі ўвойдуць у Маскву? Лукашэнка хоча прыняць парад на Краснай плошчы


Кіраўнік Беларусі прапанаваў Уладзіміру Пуціну падумаць аб правядзенні налета параду расейскіх і беларускіх вайскоўцаў на Краснай плошчы – у гонар 70-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Такую заяву лідар Беларусі зрабіў падчас двухбаковай сустрэчы з расейскім калегам, паведамляе «РИА Новости».

«Я думаю, нам прыйдзецца падумаць пра тое, каб на парадзе беларусы ды расейскае войска прадэманстравалі гэтае (адзінства). Думаю, гэта будзе нармальна, калі на Краснай плошчы нашыя падраздзяленні будуць браць удзел (у парадзе)», – сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным. У выпадку, калі б Пуцін падтрымаў ідэю супольнага параду, вайсковае шэсце ён прымаў бы разам з Лукашэнкам.

Акрамя таго, кіраўнік Беларусі прапанаваў Пуціну скаардынаваць дзеянні ў сувязі з сітуацыяй ува Украіне: «Мне хацелася б, так бы мовіць, за кадрам, адкрыта пагаварыць пра сітуацыю ўва Украіне і неяк скаардынаваць нашыя дзеянні. Бо, напэўна, гэты крызіс заўтра не скончыцца, а ён непасрэдна ўплывае як на вас, гэтак і на нас».

Пуцін падзякаваў Лукашэнку за візіт у Маскву напярэдадні Дня Перамогі, паведамляе беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА. «Ведаю, што вы цяпер рыхтуецеся і да гэтага свята, і да чэмпіянату свету па хакеі, справаў шмат, тым не менш вы знайшлі час, прыехалі. Мне здаецца, гэта натуральна. Расея і Беларусь як былыя складаныя часткі Савецкага Саюзу ўнеслі вялікі ўнёсак і зазналі велізарныя страты ў барацьбе з нацызмам. Таму быць гэтымі днямі разам – натуральная справа», – адзначыў прэзідэнт Расеі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары