Лукашэнка параўнаў падзеі ў Адэсе з Хатынню


Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на трагічныя падзеі ўва Украіне, параўнаўшы падзеі ў Адэсе з Хатынью.

«Мы памятаем Хатынь, калі некалькі сотняў вёсак на тэрыторыі Беларусі былі спаленыя фашыстамі паводле такога прынцыпу (як у Адэсе). Таму такія дзеянні непрымальныя ў любых дзяржавах, і тым больш непрымальна, калі мы спакойна будзем глядзець на тое, што адбываецца. Перш за ўсё гэта тычыцца Расеі ды Беларусі», – заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі Расеі, Арменіі, Таджыкістану і Кіргізіі ў Маскве.

Кіраўнік Беларусі, які раней заяўляў пра падтрыманне еднасці Украіны, раскрытыкаваў Захад за рэакцыю: «Проста дзіўнае рэагаванне. У адной сітуацыі гэта нельга, у іншай сітуацыі гэта можна і заахвочваецца. Гэта няправільныя падыходы… Сусветная супольнасць мусіць у гэтым выпадку выступаць кансалідавана і з пазіцый канкрэтных крытэраў. Не павінна быць двайных падыходаў”.

2 траўня ў Адэсе падчас сутыкненняў прыхільнікаў і праціўнікаў федэралізацыі Украіны ў мясцовым Доме прафсаюзаў падчас пажару загінулі 46 чалавек, больш за 200 пацярпелі.

У Адэсе затрыманыя два меркаваныя арганізатары закалотаў

Фігурантаў справы, Давыдчанку і Далжанкова, адправілі ў Кіеў на следства, паведамляецца на старонцы МУС. Яны з’яўляюцца лідарамі экстрыміскіх груповак, аднак якіх канкрэтна, не ўдакладняецца.

Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Украіны Сяргея Чэбатара, да дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне датычныя адразу некалькі груповак супольна з некаторымі структурамі замежных дзяржаваў, якія правакуюць незадаволенасць прарасейскага насельніцтва ў Адэскай вобласці.

Неўзабаве плануюцца новыя затрыманні падбухторвальнікаў масавых акцыяў, якія атрымлівалі загады, у прыватнасці, з Прыднястроўя, дадаў Сяргей Чэбатар.

Пасля трагічных падзеяў у Адэсе звольнілі ўсё міліцэйскае кіраўніцтва вобласці. На думку генеральнай пракуратуры Украіны, працаўнікі мясцовай міліцыі 2 траўня занялі бок правакатараў і былі саўдзельнікамі акцыі, следствам якой і сталі закалоты. Акрамя таго, у вышук абвесцілі начальніка адэскай міліцыі Дзмітрыя Фучэджы, якога звольнілі з пасады адразу пасля крывавых падзеяў.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары