Зачыстка напярэдадні ЧС-2014 па хакеі працягваецца


Зачыстка напярэдадні ЧС-2014 па хакеі працягваецца.



Раніцай 8 траўня быў затрыманы менскі актывіст Сяргей Мацкойць. Як паведамляе на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” праваабаронца Юлія Сцяпанава, актывіста затрымалі на працы.

За акт т. зв. дробнага хуліганства, Мацкойць атрымаў 20 дзён арышту.



Юлія Сцяпанава таксама паведамляе пра інцыдэнт з грамадзянскай жонкаю Мацкойця Аленай Лазарчук: “Уначы прыехаў нарад міліцыі да актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” Лазарчук Алены. Яе вазілі па горадзе ўсю ноч, потым адпусцілі. У Лены маленькі сын – паўгода”.

За апошнія два тыдні ў Беларусі не спыняюцца затрыманні грамадскіх актывістаў. Зараз розныя тэрміны адміністрацыйных арыштаў адбываюць не менш як 25 чалавек, у тым ліку былы палітвязень, лідар арганізацыі “Малады фронт” Дзмітрый Дашкевіч. Праваабаронцы расцэньваюць гэтыя затрыманні як прэвентыўныя, звязаныя з чэмпіянатам свету па хакеі, які пройдзе ў Менску 9—25 траўня.

10258516_10152164542157725_7730745210753823416_n

На дадзены момант колькасць затрыманых павялічылася да 25 асобаў.

Сярод затрыманых 8 траўня апынуўся слонімскі актывіст Зміцер Юшкевіч і гарадзенскі актывіст Станіслаў Рачкель, які разам з сябрам быў беспадстаўна затрыманы яшчэ 25 красавіка. На хлопцаў былі складзены адміністрацыйныя пратаколы нібыта за хуліганства і выпіванне ў грамадскім месцы, хоць экспертыза ў той жа дзень не выявіла алкаголю ў крыві абодвух.

Гэта было ў пятніцу і хлопцы трое сутак да панядзелку прабылі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пасля гэтага ім выдалі позвы ў суд. Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не захацела ўзяць пад увагу акалічнасці справы і засудзіла абодвух нібыта за дробнае хуліганства да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, – інфармуе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Актыўнае “паляванне” на актывістаў розных грамадскіх рухаў і партый працягваецца. Нагадаем, што ўчора 7 траўня ў Гомелі быў затрыманы Зміцер Карашкоў, у Менску супрацоўнікі міліцыі расшукваюць Марыну Хому, Антона Жылко, Артура Фінькевіча і Зміцера Кавалгіна.

ЮВ паводле БелаПАН, spring96.org

Стужка навінаў