Паралакс: 40 хвілінаў цішыні


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Тры гады таму скончылася паляванне ЗША на іх галоўнага ворага. Адну з самых культавых фатаграфіяў зрабіў асабісты фатограф Оўбамы – Піт Соўза.

Маштабныя пошукі Усамы бін Ладэна пачаліся яшчэ да атакі на Амерыку 9 верасня 2001 года, але пасля гэтага дня паляванне набыло новы размах. Сачэнне за кіраўніком “Аль-Каіды” практычна на ўсіх этапах вялося пад знакам “звышсакрэтна”: ЗША не інфармавалі пра яго нават сваіх натаўскіх саюзнікаў. Гэтая праца настолькі добра адлюстраваная ў фільме Кэтрын Бігелоў “Вораг нумар адзін”, што Пэнтагон пачаў унутранае следства, каб высветліць, хто раскрыў сакрэты палявання на бін Ладэна сцэнарыстам.

У першую нядзелю траўня сорак “марскіх коцікаў” таемна пераляцелі афганска-пакістанскую мяжу і высадзіліся проста на двары добра ўмацаванай сядзібы-фартэцыі Ладэна ў Абадабадзе. Над ёй завіс дрон з відэакамераю, і трынаццаць асобаў са здымку – Джоў Байдэн, Барак Оўбама, Маршал Ўэб, Гілары Клінтан ды іншыя – сачылі за аперацыяй праз спадарожнік.

І хоць Оўбама заяўляў, што планавалася аддаць тэрарыста пад суд, у спецназаўцаў не было задання браць яго жывым. Дый наўрад ці гэта магло адбыцца. Бін Ладэн не падняў рук і адстрэльваўся да апошняга. Ахвяраў з амерыканскага боку не было, а разам з Усамам загінулі ягоны сын і два кур’еры “Аль-Каіды”. Місія цягнулася каля 40 хвілінаў. Пасля тэсту ДНК і пэўнасці, што Усама – сапраўды Усама, ягонае цела з авіяносца “Карл Вінсан” скінулі ў Арабскае мора, каб пазбегнуць пілігрымак на магілу забітага. Міжнародная супольнасць моўчкі праглынула такую расправу са злачынцам.

З 2010 года Соўза усе здымкі з Белага дому выкладае ў “Flickr” (згодна з амерыканскім аўтарскім правам яны належаць да грамадскай уласнасці) – у першыя тры дні пасля публікацыі гэтай фатаграфіі яе паглядзелі 1,5 мільёна карыстальнікаў.

А 25 мільёнаў долараў, якія ЗША абяцалі за галаву Усамы бін Ладэна, ніхто не атрымаў.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары