“Але ж мы не расейцы”. Ці пачэпяць беларусы на 9 траўня георгіеўскія стужкі?


Чырвона-зялёныя сімвалы супраць чорна-памаранчавых! Гэтак званыя георгіеўскія стужкі – самы папулярны знак перамогі ў Другой сусветнай вайне. Але шмат у каго стаўленне да яго апошнім часам карэнным чынам змянілася. Распаўсюду папулярнай у суседняй краіне стужкі ў Беларусі далі заднюю хаду. Чаму?

Напярэдадні 9 траўня гэтыя стужкі можна пабачыць і на аўтамабілях, і на вопратцы, і на шматлікіх плакатах. Распаўсюджваюць жа іх і камерцыйныя, і партыйныя структуры.
{movie}«Не» – «каларадскім» стужкам|right|16316{/movie}
АЛЕГ ГАЙДУКЕВІЧ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ЛДП:
“Кожны год мы гэтым займаемся. І не толькі мы, ва ўсім свеце гэта робяць, і ў Нью-Ёрку, і ў Парыжы, і ў Нямеччыне, Аўстрыі, Казахстане, Расеі раздаюць гэтыя стужкі. І гэта не палітыка. А чаму менавіта георгіеўскую? Гэтак атрымалася. Магла б быць чырвоная, зялёная, памаранчавая, яшчэ нейкая. Гэта не істотна”.

І сапраўды, што яна сабою сімвалізуе, не задумваецца амаль ніхто. Бадай, акрамя гісторыкаў, якія ведаюць, што стужка гэтая – зусім не георгіеўская…

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК:
“Яна была ўведзеная Кацярынаю ІІ у 1694 годзе, але ў 1917 годзе, з прыходам камуністаў, усе, што нагадвала б жыццё да ’17 года, адмянілі ды забаранілі. І наагул, гэта не георгіеўскія, а гвардзейскія стужкі, якія былі ўведзеныя ў 1942 годзе”.

І нават вонкава гістарычная георгіеўская стужка значна адрозніваецца ад тых, што распаўсюджваюцца цяпер. І ўзнагароджваліся ёю жаўнеры, якія ваявалі супраць бальшавікоў і ў 1917 годзе. А на франтах Другой сусветнай супраць тых, хто гэтую стужку цяпер чапляе. Сваю ж незвычайную папулярнасць чорна-памаранчавая стужка набыла за апошнія дзесяць гадоў. Дзякуючы крамлёўскім ідэолагам.

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК:
“Расеі патрэбная была пераемнасць. Але шукаць яе ў савецкім перыядзе аніяк не выпадае. Нехта ж агучыў слова – георгіеўская стужка”.

Але сёлета гэта ўжо не толькі сімвал перамогі ў Другой сусветнай, але і сімвал гэтак званай расейскай вясны. У выніку ад стужкі – апазнавальнага знаку сепаратыста і дыверсанта – адмовіліся не толькі ва Украіне. Недаспадобы яна і ў Казахстане і… у Беларусі. Праўда, афіцыйных заяваў няма, але сведчаць пра змену стаўлення назіранні карыстальнікаў сацыяльных сетак. Ды камерцыйныя структуры, што збіраліся распаўсюджваць чорна-памаранчавыя стужкі, раптоўна адмовіліся ад сваіх планаў. Загад зверху?

ПРАДСТАЎНІК ГАНДЛЁВАЙ СЕТКІ «ЕЎРАОПТ»:
“Адказная асоба цяпер у замежным камандзіраванні, а я не магу каментаваць, і нехта адказнасць на сябе за гэта браць не будзе”.

Зрэшты, і ахвотных начапіць на сябе гэтую стужку ў сталіцы нашай краіны становіцца ўсё менш.

МІНАКІ:
“Яна сябе вельмі скампраметавала ўва Украіне”.
“На свята перамогі магчыма яе начапіць, але проста так – не”.
“Дык гэта ж сімвал перамогі – георгіеўская стужка”.
“Верагодна, я не стану яе чапляць. І не таму, што такім чынам асацыюецца яна неяк з Пуціным, проста я ніколі гэтага не рабіў”.
“Але ж мы не расейцы. Так, нас з імі шмат што звязвае, але адназначна – аніякіх стужак”.

Святкаваць жа трэба з нацыянальнымі сімваламі – з такім заклікам да ўладаў і грамадзянаў звярнуліся прадстаўнікі некаторых палітычных сілаў.

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, НАМЕСНІК КІРАЎНІКА РУХУ «ЗА СВАБОДУ!»:
“Сімвал акупацыі, сімвал развязвання вайны не павінен быць сёння на вуліцах беларускіх гарадоў”.

І яе ў Беларусі фактычна не будзе. Замест атрыбутаў чорна-памаранчавага колеру імкліва вывешваюцца чырвона-зялёныя. Кіраўнік Беларусі і раней адрозніваўся менавіта такога колеру стужкаю пры сустрэчах з расейскімі ды нават украінскімі калегамі, аднак падзеі на радзіме Віктара Януковіча, відавочна, толькі ўзмацнілі курс на дзяржаўную адметнасць ад грознага ўсходняга суседа.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/shzJhBdYayI

Глядзі таксама
Каментары