15 гадоў знікнення Захаранкі, 15 гадоў псеўдаследства...


Чарговая гадавіна знікнення – і ўсцяж без адказаў. Роўна 15 гадоў таму знік былы міністр унутраных справаў Беларусі ды апанент дзейных уладаў Юрый Захаранка. Следства ідзе дагэтуль, але ўжо ўвосень яго могуць спыніць.

{movie}15 гадоў знікнення Захаранкі, 15 гадоў псеўдаследства…|right|16303{/movie}

Юрыя Захаранку выкралі, калі ён вяртаўся дадому, зусім недалёка ад хаты, увечары 7 траўня 1999 года. Што з ім адбылося, ці ўдалося знайсці хоць нейкую інфармацыю, ці былі падазраваныя і якія вынікі следчых дзеянняў, даведацца афіцыйна немагчыма, бо следства вядзецца дагэтуль. Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. З 1994-га да 1996-га ачольваў МУС, але неўзабаве сышоў і стаў адным з лідараў апазіцыі. Пачаў актыўна выступаць з крытыкаю Аляксандра Лукашэнкі, ствараў аб’яднанне афіцэраў сілавых структураў. Паводле неафіцыйнай версіі, стаў ахвяраю эскадрону смерці, ад якога ў 1999 годзе пацярпеў таксама адзін з лідараў апазіцыі Віктар Ганчар і бізнесоўца Анатоль Красоўскі, а ў 2000 годзе журналіст Дзмітрый Завадскі.

{movie}Святлана Завадская: Следчыя намякалі, што ў справе зніклых усё вядзе наверх |right|16304{/movie}

Справу паводле факту забойства Юрыя Захаранкі распачалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства». Згодна з заканадаўствам, яе мусяць спыніць 17 верасня з прычыны заканчэння тэрміну даўніны. Дагэтуль нават сваякі не могуць азнаёміцца з матэрыяламі справы.

«Мы не чакаем ад следства, што 17 верасня нам абвесцяць, скажуць, што справа расследавана, мы знайшлі, мы устанавілі. Таму што ўжо гэта справа была расследавана яшчэ у 2001 годзе, калі і Бажэлка быў адхілены з Мацкевічам, пасля арышту Паўлючэнкі, потым Петрушкевіч выступіў, Алкаеў выступіў. Яны усе распавялі працэдуру захопу. То бок, калі была б зацікаўленасць ва ўладаў прыцягнуць да адказнасці, яны б прыцягнулі», – гаворыць праваабаронца Алег Волчак.

Праваабаронцы спрабуюць дамагчыся перакваліфікацыі артыкулу справы з «забойства» на «злачынства супраць чалавечнасці», якая не мае тэрміну даўнасці, але пакуль – безвынікова.Калі ж перакваліфікаваць не ўдасца, а праз нейкі час выплывуць факты, справы аднаўляць не будуць, бо тэрмін даўніны будзе скончаны. І ўсё нібыта будзе зробленае – паводле закону.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў