Дзяўчаты на продаж


У Нігерыі працягваецца серыя масавых выкраданняў школьніц. Напярэдадні стала вядома, што невядомыя гвалтам вывезлі 8 школьніц ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў з вёскі Ўарабэ на поўначы краіны. У злачынстве падазраюць удзельнікаў радыкальнай групоўкі «Бо-ко Харам», якія ў сярэдзіне красавіка падобным чынам ужо выкралі каля 300 дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў.

Паводле жыхароў вёскі Чыбок, баевікі абстралялі вяскоўцаў, а затым на грузавіках вывезлі падлеткаў у кірунку мяжы з Камерунам. Выкрадальнікі забралі з сабою ежу і жывёлу. Пазней 53 дзяўчатам удалося збегчы з палону. У руках бандытаў засталіся 223 падлеткі, іхны лёс дакладна не вядомы.

Напад на школы экстрэмісты патлумачылі тым, што «заходняя адукацыя – грэх, а дзяўчаткі мусяць кінуць школу і выйсці замуж». Паліцыя падазрае, што частку дзяўчат ужо паспелі «выдаць замуж», а частку перавезлі ў Камерун і Чад для продажу ў рабства за 12 долараў.

{movie}Пратэсты супраць выкраданняў у Нігерыі |right|16299{/movie}

Нігерыйцы крытычна ацэньваюць дзеянні ўраду, абвінавачваючы чыноўнікаў у бяздзеянні. Паводле мітынгоўцаў, якія каторы дзень выходзяць на акцыі супраць бясчынства баевікоў, прэзідэнт Нігерыі Гудлак Джонатан не збіраўся вырашаць праблему, пакуль пратэстоўцы самастойна не прыцягнулі ўвагі медыяў.

Аё Емісі, галоўны выканаўчы дырэктар «Serendipity House»:

«Мы сабраліся тут, каб урад ведаў, што яны мусяць абвесціць асобы выкрадальнікаў і вызваліць нашых дачок. Гэта не занадта вялікая задача для Нігерыі, і менавіта таму мы тут».

У сваю чаргу кіраўнік Нігерыі звярнуўся да замежных краінаў з просьбаю дапамагчы ў пошуку выкрадзеных школьніц. На заклік нігерыйскіх уладаў аказаць падтрыманне адгукнуліся ўлады ЗША і Вялікай Брытаніі.

Гісторыя канфлікту

У краіне з насельніцтвам 170 мільёнаў расце бездань паміж мусульманамі, якія пераважна засяляюць поўнач Нігерыі, і хрысціянскім поўднем. Сітуацыя абвастрылася ў 2011 годзе, калі прэзідэнтам стаў хрысціянін Гудлак Джонатан. Чальцы групоўкі «Бо-ко Харам», якія больш за дзесяць гадоў дамагаюцца ўвядзення шарыяту і выкаранення свецкай мадэлі заходняй адукацыі ва ўсёй краіне, фактычна вядуць вайну супраць уладаў і звычайных людзей.

Іхная дзейнасць апошні час актывізавалася. Паводле экстрэмістаў, узброеныя набегі – гэта помста ўладам-іншаверцам, якія мусяць сысці з «мусульманскай» тэрыторыі. Атакі на армію і паліцыю, выбухі ды тэракты адбываюцца амаль кожны дзень. Ахвярамі нападаў тэрарыстаў-смяротнікаў сталі тысячы мірных жыхароў. У трох паўночных штатах Нігерыі абвешчанае надзвычайнае становішча. Урадавыя войскі здзяйсняюць рэгулярныя аперацыі супраць базаў баевікоў, аднак вайскоўцам да гэтай пары не ўдалося ўзяць сітуацыі пад кантроль.

Першае выкраданне школьніц адбылося ў адзін дзень з найбуйнейшым тэрактам у гісторыі нігерыйскай сталіцы Абуджы. У выніку двух выбухаў, зладжаных 14 красавіка баевікамі «Бо-ко Харам», на аўтавакзале загінулі 75 чалавек, сотні людзей былі параненыя. Назіральнікі звязваюць тэракты са спробамі сарваць правядзенне Сусветнага эканамічнага форуму адносна Афрыкі, які ўпершыню адбудзецца ў Нігерыі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў