Мікола Аўтуховіч даглядае сад, асвойвае «Facebook» і размаўляе па-беларуску


Мінуў месяц, як Мікола Аўтуховіч выйшаў на волю. Belsat.eu пагасціў у былога зняволенага і даведаўся, як спадар Мікалай жыў у турме і чым будзе займацца на свабодзе. А жонка Алена распавяла, як змяніўся ейны муж пасля вязніцы.

Першага яблыка са свайго саду з’есці не паспеў

«Мне сорамна, што вам ні разу не напісала, хоць і мелася», – я застала спадара Міколу за працаю. Ён фарбаваў плот разам з берасцейскім знаёмым-афганцам: пазнаёміліся падчас ліставання, калі Аўтуховіч быў у турме. «А магла б і напісаць вестачку за краты», – у вачах спадара Міколы з’яўляецца прывабны агеньчык. Ён абаяльна, але з прыкметным жалем усміхаецца, паказваючы два шэрагі белых роўных зубоў. Гэта ўстаўныя, свае страціў за кратамі…

Бетонны плот (тры метры вышынёю) вакол хаты і тэрыторыі былое базы таксовак «22222» яшчэ фарбаваць і фарбаваць. Але гаспадар кідае пэндзаль і вядзе мяне праз металічную браму на замку ў свет, схаваны і, відаць, цікавы для шмат каго. «Вось гэта мой сад, які я пасадзіў, а першага яблыка так і не з’еў – пасадзілі. Ёсць карлікавы белы наліў, карлікавая каштэля…»

Трохпавярховы дом Аўтуховічаў стаіць у цэнтры Ваўкавыску, каля аўтавакзалу, але не навідавоку, у дварах. Тут ён жыве разам з жонкаю Аленай. На падворку засталіся некалькі непрацоўных таксовак – на металалом. Па суседстве жыве маці спадара Міколы Лідзія Юльянаўна. Дачка Каця вучыцца ў Варшаве на адмыслоўца ў сферы турызму. З таго часу, як спадар Мікола вярнуўся з турмы, да яго ўвесь час прыязджаюць госці адусюль, амаль заўсёды хтосьці ночыць.

«А гэта камп’ютар ці тэлефон?..»

«А гэта камп’ютар ці тэлефон?.. – спадар Мікола з цікаўнасцю глядзіць на мабільны, якім я раблю здымак. – Ведаеш, я ж і з «Facebook» пакуль разабраўся… Пакуль зразумеў, што не ўсім трэба на сцяне адказваць, што для паведамленняў ёсць збоку чат…»

Мікола Аўтуховіч перачытвае лісты. Фота belsat.euМікола Аўтуховіч перачытвае лісты. Фота belsat.eu«Ён вельмі змяніўся пасля турмы, – гаворыць жонка Алена, – такі спраўны раней быў, дзелавіты… А цяпер нейкі разгублены…» Яна прызнаецца, што Мікола зусім адвык ад хатніх справаў. «Сапраўды, неяк я ўстаў ранкам – я ж і цяпер паводле звычкі прачынаюся а шостай – ды вырашыў падлогу памыць ва ўсёй хаце. Але так стараўся, так ціснуў, каб падлога чыстая была, што швабра зламалася», – разводзіць рукамі спадар Мікола.

Ежу купляў у краме і нічога не пакідаў на ноч

«Гэта гарбата – гарбата, а не чай. Хутка я ўсіх сваіх на беларускую мову перавяду», – кажа гаспадар. «Ён жа напачатку зусім смаку не адчуваў. Еў хутка, усё, што прыгатую», – працягвае жонка.

У зняволенні спадар Мікалай з-за хворага страўніка не ўсё мог есці – спажываў нятлустую аўсянку, купляў у турэмнай краме цыбулю, яблыкі, халву. А пасля новага года зусім перастаў есці «іхную» ежу, не браў нават хлеба, баяўся атруціцца. На ноч нічога не пакідаў сабе – ані з ежы, ані з пітва, каб быць пэўным у тым, што спажывае.

«Я ведаю, як гэта бывае: здаровы мужык, адціскаецца пяцьсот разоў ад падлогі, а тут раптам папіў гарбаты, і – сардэчны прыступ», – успамінае ён выпадак.

У СІЗА на Валадарцы яму давялося сядзець і ў камеры, дзе перадачы не атрымліваюць 90 % зэкаў. Псіхалагічна цяжка есці, калі на цябе з усіх бакоў глядзяць галодныя вочы. Але Аўтуховіч заўсёды частку перадачаў аддаваў на агульны стол.

Спадар Мікола ў гарадзенскай турме заўсёды сядзеў у малых камерах. Сукамернікі былі цяжкім выпрабаваннем яшчэ і таму, што ён адчуваў: на яго даносілі кіраўніцтву.

Не еў і не працаваў

Мікола Аўтуховіч не толькі не еў «іхнай» ежы, але і не працаваў на «іх» ні ў калоніі, ні ў турме. «Што трэба рабіць? Яму капаць? Я на вас капальшчыкам не наймаўся… Дрэвы садзіць? А дзе вашыя садоўнікі?» – так былы вязень размаўляў са сваімі наглядчыкамі, за што атрымліваў пагаршэнне ўмоваў утрымання.

Ён не саромеўся задаваць адміністрацыі калоніі ды турмы пытанні, каб адстаяць свае правы: «Я іх [словамі] «расстрэльваў» толькі так… Дзе белы хлеб, які мне прызначаны ў пайцы?.. А вам падабаецца чытаць старыя газеты?.. Я ім задаваў пытанні, а не яны мне». Іншыя зняволеныя цягнуліся да Міколы Аўтуховіча па дапамогу – скласці скаргу ці зварот.

Будзе даводзіць сваю невінаватасць

За плячыма ў спадара Міколы шматлікія пратэставыя галадоўкі, ускрытыя вены, парэзаны жывот, содні ў халодным ШЫЗА. «Як вашае здароўе цяпер?» – «Высокі білірубін, цукар, халестэрын. Зрок слабы, зубоў няма, хворы страўнік. У траўні збіраюся легчы ў шпіталь у Менску. Прапанавалі ў Вільні, але туды, гледзячы па ўсім, не дазволяць».

Апошні месяц спадар Мікола займаўся хатнімі справамі. Чым будзе зарабляць грошы, былы вязень пакуль не вырашыў. Вяртацца ў малы бізнес цяпер няма сродкаў, дый рынак падзелены. Тым больш, што калі працаваць, не парушаючы заканадаўства, прыбытку не будзе, а махляваць спадар Мікалай не хоча.

Мікола Аўтуховіч першы раз быў зняволены ў ліпені 2006 года на 3,5 гады з канфіскацыяй маёмасці, нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў і прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі ды атрымання ліцэнзіі. У яго канфіскавалі 13 таксовак, кватэру, два склады і вызначылі суму, якую ён меў выплаціць дзяржаве: больш за Br 350 млн. Аўтуховічу пакінулі дом, аўтабазу, палову таксовак і асобны будынак. У студзені 2008 года ён выйшаў на свабоду.

Зноў яго затрымалі ў лютым 2009-га. Асудзілі на 5 гадоў 2 месяцы ў траўні 2010 года за незаконнае захоўванне пяці патронаў. Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах, пасля – у Гарадзенскай турме. Выйшаў на волю 8 красавіка 2014 года.

Цягам 1 года і 4 месяцаў будзе пад прэвентыўным наглядам – нельга выходзіць з дому з 10-й вечара да 6-й раніцы, а таксама без дазволу міліцыі выязджаць з Ваўкавыску.

Ён сцвярджае, што абедзве справы, за якія ён агулам адседзеў дзевяць гадоў, былі сфабрыкаваныя. Што датычыць апошняй, то першапачаткова яго нібыта падазравалі ў падрыхтоўцы падпалу дамоў начальнікаў турмы і падатковай інспекцыі. У судзе гэтыя абвінавачванні адпалі, але пасля ператрусу знайшлі не сканфіскаваныя перад першым зняволеннем пяць патронаў.

Спадар Мікалай быў паляўнічым, меў дома паляўнічую стрэльбу і карабін, а таксама афіцыйна набытыя патроны. Перад першым зняволеннем у 2005 годзе ўсю зброю канфіскавалі, а пакунка з гэтымі пяццю патронамі, магчыма, проста не заўважылі. Не заўважыў гэтага і спадар Мікалай. Пасля другога абвінавачання ў справе, якую распачало Гарадзенскае УУС, Аўтуховіч апынуўся ў Менскім СІЗА. Ён мяркуе: папярэдне было вырашана, што яго будуць падазраваць у тэракце, датычным кіраўніка Гарадзенскай вобласці Уладзімера Саўчанкі ды намесніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменкі.

Сваёй віны ён не прызнае і мяркуе, што быў пакараны за антыкарупцыйную дзейнасць, за знойдзены кампрамат на чыноўнікаў і распачатыя супраць іх судовыя справы. Мікола Аўтуховіч будзе даводзіць сваю невінаватасць. Ён рыхтуе заявы ў пракуратуру на тых, хто ўдзельнічаў у ягоным абвінавачанні, а таксама за парушэнні ўтрымання ў вязніцы.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў