У Гомлі адчыніўся "Дом для ўсіх"


Беларусь з размахам рыхтуецца прымаць гасцей чэмпіянату свету па хакеі. У той жа час побач з каштоўнымі і пакуль сумнеўнымі паводле якасці і рэнтабельнасці аб’ектамі для наведнікаў спартовай імпрэзы ў нашай краіне на ініцыятыву самых грамадзянаў пачынаюць дзеяць альтэрнатыўныя спосабы турызму і адпачынку. З адным з такіх крэатыўных праектаў мы пазнаёміліся непадалёк Гомля.

{movie}Дом для ўсіх|right|16294{/movie}

Цягніком ці аўтаспынам… У кожным выпадку той, хто вырашыць наведаць Сінявокую, цяпер не мусіць шукаць гатэляў ці ламаць галаву, дзе зняць кватэру.

Непадалёк Гомля ў санаторна-курортнай зоне “Чонкі” для яго заўсёды адчыненыя дзверы.

Гэткім чынам запрашае “Дом для ўсіх”.

ВІКТАР БАНДАРЭНКА, УДЗЕЛЬНІК ПРАЕКТУ:
“Тут можа затрымацца кожны падарожнік з кожнага кутка свету. Гэта таксама пляцоўка для творчых пачынанняў”.

“Дом для ўсіх” – гэта міжнародны праект Акадэміі вольных падарожнікаў з мэтаю аб’яднаць вандроўнікаў з усяго свету. У Беларусі зрэалізаваць ідэю выклікаўся аматар вандровак Віктар Бандарэнка.

ВІКТАР БАНДАРЭНКА, УДЗЕЛЬНІК ПРАЕКТУ:
“Такіх дамоў існуе 20. Паралельна з намі дзее “Дом для ўсіх” у Ерэване, які адчыніўся з траўня да чэрвеня. Найбліжэйшыя дамы будуць у Берліне і Львове”.

Але “Дом для ўсіх” – гэта не толькі гатэль ці месца адпачынку. Перш за ўсё тут чакаюць творчых людзей. Кожны мусіць прывесці сюды свой талент, а таксама цікавы досвед вандравання па свеце. Каб паспрыяць гэтаму, у “Доме для усіх” адбываюцца цікавыя лекцыі і майстар-класы.

ІРЫНА, ВАНДРОЎНІЦА, РАСЕЯ:
“Гэта дачыненне з рознымі людзьмі з розных месцаў. Яны абменьваюцца досведам і распавядаюць пра свае падарожжы. Гэта вельмі цікава!”.

Апроч гэта, у “Доме для ўсіх” дапамогуць зарганізаваць адпачынак, а таксама чарговыя вандроўкі, паводле жадання кожнага.

МАРЫЯ, ВАНДРОЎНІЦА, РАСЕЯ:
“Мяне пазнаёмілі з гамельчукамі, зрабілі экскурсію па горадзе. Гэта незвычайна і цікава”.

ЭНДРУ ЎЭДЫНГТАН, ВАНДРОЎНІК, АНГЛІЯ:
“Я люблю падарожнічаць па Еўропе. Цікаўлюся таксама постсавецкімі краінамі. Цікава было б наведаць нейкую вёску ў закрытай пасля чарнобыльскай катастрофы зоне”.

“Чонкі” ўжо наведалі госці з Нямеччыны, Англіі, Украіны ды Расеі. Чакаюць, што беспасярэдне перад чэмпіянатам свету па хакеі іх колькасць павялічыцца. У “Доме для ўсіх” няма сталых аплатаў. Кожны падтрымлівае праект паводле сваіх магчымасцяў і жадання.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў