Беларускага кіроўцу ў Польшчы падазраюць у датычнасці да смерці трох асобаў


Паводле польскіх следчых, ва ўмовах густой імжы 28-гадовы беларус ехаў на TIR’ы з хуткасцю 95 км/г. Ягоны цяжкавік стаў удзельнікам аварыі, у якой загінулі тры асобы ды былі разбітыя 11 аўтаў.

Беларускі кіроўца прызнаў сваю віну і пагадзіўся панесці пакаранне – 1 год і 8 месяцаў зняволення з выпрабавальным адтэрмінаваннем тры гады. Аднак следчыя падкрэсліваюць, што абвінавачанне можа быць перакваліфікаванае, калі акажацца, што дзеянні нашага суайчынніка былі непасрэднаю прычынаю смерці трох асобаў.

Паводле адной з версіяў следства, прычынаю масавай аварыі сталіся дзеянні жанчыны, што кіравала легкавіком і, спужаўшыся туману, рэзка знізіла хуткасць на дарозе. У ейнае аўта пачалі ўразацца іншыя машыны.

ДТЗ адбылося ў Лодзінскім ваяводстве, ля гораду Рава Мазавецка (Rawa Mazowiecka) уначы 3 траўня. Загінула сям’я з Чэхіі, у тым ліку 4-гадовае дзіця.

МЛ, паводле tvn24.pl

Стужка навінаў