Кіеў прызнаў, што ваюе не з сепаратыстамі, а з Расеяй


Не барацьба з тэрарыстамі ці сепаратыстамі. У Кіеве заявілі адкрыта: краіна абараняецца ад агрэсіі з боку Расеі. Спецаперацыя ў Данецкай вобласці набірае абароты. Сепаратысты паведамляюць пра свае страты і просяць Расею адкрыта ўвесці войскі ва Украіну. Ёсць ахвяры і сярод украінскіх вайскоўцаў: забітыя прынамсі 4 жаўнеры, каля 30 – параненыя. У ваколіцах Славянску баевікі збілі яшчэ адзін вайсковы верталёт.

{movie}Цяжкія баі пад Славянскам|right|16270{/movie}

Верталёт Мі-24 быў збіты над Славянскам не проста падчас патрулявання, а выканання баявой задачы: знішчыць бронетэхніку, раней захопленую ва ўкраінскіх дэсантнікаў. Машына не ўпала, але прыйшлося садзіцца ў балота.

ПІЛОТ ЗБІТАГА ВЕРТАЛЁТА:

“Прайшла чарга, хутчэй за ўсё, буйнакаліберны кулямёт ударыў з левага боку. Верталёт стаў у кіраванні няўстойлівым, адмовіла гідрасістэма”.

Сённяшнія баі ў Славянску ішлі цяжка і з істотнымі стратамі з абодвух бакоў. Паводле міністра унутраных справаў Украіны, удзельнікам антытэрарыстычнай аперацыі супрацьстаялі каля 800 баевікоў з мінамётамі, зброяй буйнога калібру і тэхнікаю. Вайскоўцы не могуць паўнавартасна адказваць на атакі ды засады сепаратыстаў, бо імкнуцца не зачапіць мірнага насельніцтва. У дыверсантаў такіх памкненняў няма, сцвярджаюць украінскія сілавікі.

МАРЫНА АСТАПЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР СБУ:

“Новым відам падрыўной дзейнасці дыверсійных групаў ёсць раздача атручаных прадуктаў харчавання ўкраінскім вайскоўцам, а таксама мясцоваму насельніцтву, а таксама выкарыстанне ў падраздзяленнях так званай самаабароны жанчын – у якасці жывога шчыта”.

Сёння вайскоўцы вызвалілі мясцовую тэлевежу і аднавілі трансляцыю ўкраінскіх каналаў. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны, што вядзе на Данбасе Расея, гэта вельмі важна. Напрыклад, прарасейскія актывісты заклікаюць мясцовых жыхароў да страйку, пужаючы, што з Заходняй Украіны прыедуць баевікі “Правага сектару” і ўзарвуць шахты разам з шахцёрамі. Таксама Служба бяспекі Украіны заўважыла новую тэндэнцыю: рабаванне сепаратыстамі інкасатарскіх машынаў і банкаў. Мясцовы крымінальны элемент складае вялікую долю прарасейскіх баевікоў. А сярод выяўленых сілавікамі ўзброеных замежнікаў апошнім часам заўважаныя і жыхары Чачэніі.

МАРЫНА АСТАПЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР СБУ:

“Таксама ёсць інфармацыя аб прыбыцці каля 150 казакоў з Крыму ў Славянск на дапамогу сепаратыстам”.

У самім Крыме пасля анексіі пачаўся сапраўдны ціск на карэннае насельніцтва. Пракурор Крыму абвесціла папярэджанне старшыні меджлісу – парламенту крымскіх татараў. Наталля Паклонская запатрабавала тэрмінова спыніць экстрэмісцкую дзейнасць крымскіх татараў, іначай…

НАТАЛЛЯ ПАКЛОНСКАЯ, ПРАКУРОР КРЫМУ:

“Меджліс крымска-татарскага народу будзе зліквідаваны, а ягоная дзейнасць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі забароненая”.

Экстрэмізм пракурорка пабачыла ў негвалтоўным супраціве крымскіх татараў, якія ў суботу прарваліся праз мяжу з Херсонскай вобласцю, каб сустрэць свайго лідара Мустафу Джэмілева. Джэмілеву, які з самага пачатку захопу Крыму выступаў супраць дзеянняў Крамля, Масква забараніла ўезд на радзіму.

А ў Крамлі Уладзімір Пуцін патаемна ўзнагародзіў медалямі больш за 300 працаўнікоў медыяў “за аб’ектыўнае асвятленне падзеяў у Крыме”. Адпаведны ўказ быў падпісаны яшчэ паўмесяца таму, але яго пакуль засакрэцілі.

Аднак на Данбасе паўтарыць захоп Крыму малым коштам у Пуціна не атрымліваецца. Еўразвяз і ЗША не адмаўляюцца ад рашучасці ўвесці супраць Расеі моцныя эканамічныя санкцыі, калі ўкраінскія выбары прэзідэнта будуць сарваныя.

ФРАНСУА АЛЯНД, ПРЭЗІДЭНТ ФРАНЦЫІ:

“Прэзідэнцкія выбары 25-га траўня мусяць прайсці па ўсёй Украіне, і гэтаму не павінна быць ніякіх перашкодаў… Мы пераконваем улады Расеі ды асабліва прэзідэнта Пуціна, што адзіны магчымы шлях – шлях дыялогу і дээскалацыі”.



У тое, што на Усходзе Украіны дзейнічаюць не расейскія дыверсанты, а толькі мірныя ўкраінцы, за межамі Расеі амаль ніхто не верыць.

АЛЯКСАНДР ТУРЧЫНАЎ, ЧАСОВЫ ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

“Ідзе вайна супраць нашай краіны з боку Расейскай Федэрацыі. І як на ўсходзе Украіны, так і на поўдні яны спрабуюць цалкам дэстабілізаваць сітуацыю”.

Але і супраціў з боку ўкраінскіх уладаў і грамадзянаў набывае ўсё больш сур’ёзныя формы.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў