«Камунякі, прэч»


Палякі зноў зняважылі савецкага героя і апаганілі помнік генералу Чарняхоўскаму.

У ноч з 4 на 5 траўня напярэдадні прыезду расейскай дэлегацыі з Калінінградскай вобласці ў польскім горад Пененжна (Pieniężnо), невядомыя здзейснілі акт вандалізму, апаганіўшы помнік генералу Івану Чарняўхоўскаму, савецкаму герою, камандуючаму 3-ім Беларускім фронтам у Польшчы падчас Другой сусветнай вайны.

МЗС Расеі выказаў абурэнне чарговым актам вандалізму.

«Чакаем, што польскія ўлады распачнуць усе неабходныя захады для расследавання інцыдэнту, пакарання вінаватых і недапушчэння падобных варварскіх дзеянняў у будучыні», –гаворыцца ў заяве МЗС Расеі.

Камандуючы 3-ім Беларускім фронтам генерал арміі Іван Чарняхоўскі загінуў у лютым 1945-га на ўскраіне Мэльзаку (стараяя назва Пененжна), які ўваходзіў у той час у склад Усходняй Прусіі.

У польскіх медыях генерал функцыянуе, як адказны за арышт і дэпартацыю звыш 6 тыс. жаўнераў Арміі Краёвай, якія ў ліпені 1944 года бралі ўдзел у акцыі «Вострая брама» і ў баях за вызваленне Вільні ад нацыстаў.

У студзені 2014-га гарадскі Савет Пененжна пастанавіў дэмантаваць помнік Чарняхоўскаму. Мясцовыя ўлады лічаць яго сімвалам савецкага мінулага і не бачаць сэнсу ўтрымліваць помнік у належным стане. Гэта рашэнне мясцовых уладаў выклікала неадназначную рэакцыю ў самой Польшчы, а рэзкую крытыку з боку МЗС РФ.

Пазней рашэнне мясцовых уладаў было заблакаванае. Помнік вырашылі пакінуць, бо мемарыял уваходзіць у пералік месцаў памяці савецкіх абаронцаў айчыны, якія загінулі на тэрыторыі Польшчы, і ён паводле двухбаковага пагаднення ад 22 лютага 1994 года перабывае на фінансавым балансе польскага боку.

ЮВ, belsat.eu, tvn24.pl

Стужка навінаў