«Заўзятары з Расеі могуць прайсці шэсцем 9 траўня, як простыя грамадзяне»


Расейскія заўзятары могуць паказацца на вуліцах Менску з расейскімі сцягамі ды георгіеўскімі стужкамі, бо гэта – не забароненая сімволіка, пракаментаваў адзін з прадстаўнікоў Менгарвыканкаму.

Расейскія хакейныя заўзятары могуць узяць удзел у шэсці з нагоды Дня Перамогі 9 траўня ў Менску, як простыя грамадзяне, заявіла БелаПАНу асоба ў Менгарвыканкаме, якая пажадала застацца неназванай.

«Яны могуць, як простыя грамадзяне, прыйсці ды браць удзел у шэсці. І такіх людзей будзе шмат – заўзятараў, якія сюды прыедуць. І гэта таксама ўдзел у мерапрыемствах. А калі пры гэтым хтосьці прыйдзе з георгіеўскаю стужачкаю ці са сцягам Расейскай Федэрацыі – дык гэта што, забароненая сімволіка ці што?» – адзначыў прадстаўнік Менгарвыканкаму.

Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што ніякіх заяваў ці лістоў на правядзенне або ўдзел у мерапрыемствах 9 траўня ў Менску ад арганізацыі расейскіх хакейных заўзятараў у Менгарвыканкам не паступала.
{movie}Дзмітрыеў пра “Расейскі марш” у Менску: Актывізаваліся шавіністычныя настроі |right|16257{/movie}
28 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Санкт-Пецярбурзе прэзідэнт клубу заўзятараў «Russia Unites» Эдуард Латыпаў паведаміў, што з менскімі ўладамі ідуць перамовы пра магчымасць удзелу расейцаў у мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі.

Пасля Латыпаў удакладніў, што ліст аб планах заўзятараў скіравалі толькі ў амбасаду Расеі ў Беларусі. «Ніхто не забараняў і, само сабою, не можа забараніць заўзятарам уліцца ў калону з менчукамі. Калі вы прыедзеце ў Маскву і захочаце ўзяць удзел у свяце, вы ж не будзеце пытаць дазволу ў Крамля», – сказаў прэзідэнт клубу заўзятараў.

Планы расейскіх заўзятараў арганізавана браць удзел у святкаванні Дня Перамогі выклікалі асцярогі ў прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Актывісты кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ заклікалі Менгарвыканкам не дапусціць правядзення расейцамі палітычных акцыяў у Менску. Яны таксама нагадалі пра падзеі, якія мелі месца падчас чэмпіянату Еўропы па футболе ўлетку 2012 года ў Варшаве, калі шэсце расейскіх заўзятараў вылілася ў закалоты.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

https://youtu.be/KPOtjUR5uHo

Глядзі таксама
Каментары