Палова расейцаў хоча далучыць Беларусь да Расеі?


Сацыёлагі даследчай арганізацыі«Левада-центра» правялі агульнарасейскае апытанне грамадскай думкі. Па яго выніках сацыёлагі высветлілі, што палова апытаных хацела б бачыць пашырэнне тэрыторыі сваёй краіны за кошт далучэння зямель з расейскамоўным насельніцтвам да Расеі.

Тым не менш, толькі 8 % усіх удзельнікаў апытання ўхвалілі ваенныя аперацыі, адзначыў РБК.

Сярод суседзяў Расеі расейская мова прызнаная дзяржаўнай толькі ў Беларусі. Дзяржаўнай яна лічыцца таксама ў сепаратысцкіх рэспубліках – Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўскай Рэспубліцы. Паводле перапісу 2009 года каля 70 % жыхароў Беларусі ў штодзённым жыцці карыстаюцца расейскаю моваю.

Расейцы лічаць, што Украіна самая небяспечная, а самыя прыхільныя – Беларусь ды Арменія

На думку жыхароў Расеі, больш за ўсё расейскамоўнае насельніцтва ўціскаюць ва Украіне (62 %), у Літве, Латвіі, Эстоніі ды Грузіі, менш за ўсё – у Беларусі (4 %) і ў Арменіі (5 %). У канцы рэйтынгу, як адныя з самых спрыяльных краінаў, аказаліся Кыргызстан, Туркменістан, Узбекістан і Таджыкістан, прычым там амаль не ўшчамляюцца нават сацыяльныя і палітычныя правы расейцаў, упэўненыя рэспандэнты.

Дыскрымінацыя, лічаць апытаныя, перш за ўсё, выяўляецца ў забароне афіцыйна выкарыстоўваць расейскую мову і атрымліваць на ёй адукацыю (50 %), у цкаванні (42 %) і адмовах прызнаваць грамадзянства (26 %). Апроч гэтага, на думку расейцаў, ва Украіне і краінах Балтыі цяжка весці свой бізнес, сустракаюцца забароны на асобныя віды прафесіяў.

Змагацца з гэткім становішчам справаў большасць рэспандэнтаў лічаць магчымым толькі эканамічнымі ды палітычнымі санкцыямі (41 і 34 %), траціна рэспандэнтаў дапускае ў адказ уціск правоў нарадзінцаў гэтых краінаў, якія перабываюць у Расеі.

Галоўны вораг Расеі ва ўяўленні жыхароў Расеі – змяняецца

Кожны год цэнтр праводзіць апытанне аб тым, каго расейцы лічаць галоўным супернікам і ворагам Расеі, і карціна мяняецца. «У 2007 годзе гэта была Эстонія, бо тады быў скандал з Бронзавым жаўнерам. У 2009 годзе ворагам стала Грузія пасля канфлікту ў Паўднёвай Асеціі», – паведаміў расейскі сацыёлаг Дзяніс Волкаў. Паводле яго, Грузія ўтрымлівала першае месца да 2013 года – тады 38 % рэспандэнтаў запісалі «ў ворагі» ЗША.

«Нашыя суайчыннікі нячаста бываюць у краінах Балтыкі ды ва Украіне, таму ў іх амаль няма ўяўлення пра тое, што там адбываецца насамрэч. Казаць пра ўшчамленне правоў у гэтых краінах стала штампам, але гэта міф», – заўважыў сацыёлаг з Расеі Лявонцій Бызаў.

Сацыёлаг: Калі і ёсць дыскрымінацыя расейскамоўных, то ў Эстоніі

Паводле Бызава, цяпер у Латвіі ды Літве шмат расейскамоўных жыхароў займаюць высокія палітычныя пасады. «Калі дзесьці і ёсць дыскрымінацыя, то ў Эстоніі. У іх свая гістэрыка з нагоды вонкавага ворага, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах», – канстатуе Бызаў. Ён нагадаў, што ў Эстоніі ёсць свае прэтэнзіі адносна таго, дзе мусіць праходзіць расейска-эстонская мяжа.

«Ва Украіне існуе русафобія, але не ў такіх маштабах, як малююць медыі. Іхныя радыкальныя партыі на выбарах набіраюць ўсяго 4 % галасоў», – адзначыў сацыёлаг. Бызаў падкрэсліў, што і ў Расеі досыць шмат радыкальна настроенай моладзі, але пры гэтым нельга казаць пра радыкальныя ўстаноўкі ў грамадстве цалкам.

МЯ, belsat.eu, паводле ej.by, top.rbc.ru, levada.ru

Глядзі таксама
Каментары