Як беларусы рыхтуюцца да вайны: неафіцыйны фотарэпартаж


Як праходзяць вайсковыя зборы ў Беларусі на фоне ўкраіна-расейскага канфлікту?

Блогер Міхаіл Ларчанка захапіў на зборы фотаапарат і дадаў да здымкаў тэкст. Прыводзім яго са скарачэннямі.

Зборы перакваліфікавалі мяне ў сапёра і праходзілі ў Печах. Пачну з таго, як умее падманваць ваенкамат. Хлусня першая: у позве не было ні слова пра зборы, мяне запрашалі на медычны пераагляд. Ужо на месцы я даведаўся, што сапраўднаю прычынаю майго выкліку былі зборы. Такі падыход да справы мне зусім не адпавядаў, таму я ўступіў у канфлікт з начальнікам ваенкамату. Той адправіў мяне ў вайсковую пракуратуру, у якой мне зачыталі адказнасць за няяўку на зборы. А яна не моцна адрозніваецца ад ухілення ад тэрміновай службы – штраф або турма. Давялося ехаць. Хлусня другая: ваенкамат запэўніваў, што жыць мы будзем у інтэрнаце прапаршчыкаў. Жылі ж мы ў звычайнай казарме ў гарнізоне з адпаведнымі абмежаваннямі.

Беднасць нашай дзяржавы адчувалася паўсюдна: патрапаная паношаная ўніформа, старыя боты (блін, нам выдалі боты з анучамі, як так?), адсутнасць гарачай вады, ложкі савецкіх часоў.

Дзіўным было і тое, што нашыя перамяшчэнні за межамі гарнізону абмежаваныя. Спачатку нам і зусім нельга было пакідаць яго тэрыторыю. Але пасля невялікага скандалу нас сталі адпускаць …невялікімі групамі паводле загадзя складзенага спісу. На выходныя дадому адпускалі адну-дзве асобы …Нагадаю, што ўсе мы дарослыя людзі са сваймі дзецьмі і праблемамі, а адчувалі сябе, як у турме.

Парадак дня

  • Пад’ём а 6:30, можна пазней: хто як хоча.
  • Сняданак для ахвочых.
  • 6 гадзінаў «заняткаў на крэсле». Тэарэтычна, трэба пісаць канспект, на практыцы – ніхто нічога не піша.
  • Абед для ахвочых.
  • 3 гадзінаў заняткаў: самастойная падрыхтоўка і выхаваўчая праца – зноў жа, сядзенне на крэсле.
  • Вячэра для ахвочых.
  • Адбой а 22:30, можна раней, можна пазней.
  • У канцы здавалі залік. Здалі ўсе, бо раздалі кніжкі, каб спісаць.

З мяне зрабілі «сапёрнага» камандзіра, але пры гэтым я ніколі ў жыцці не бачыў міны ці нават мінашукальніка.

Падзеі ва Украіне, а ў прыватнасці той факт, што ўкраінскае войска ўяўляла сабою вартае жалю відовішча, прымусілі ўрад РБ правесці праверку сваіх узброеных сілаў. Уся тэхніка мусіць заводзіцца і спраўна працаваць, а да 15 траўня прайсці кантрольны прабег. Часам даходзіла да кур’ёзаў. Каля нашай казармы стаяў на пастаменце грузавік гадоў 1940–50-х. Вяртаемся мы неяк «дадому», а яго няма. Аказалася, што аўтамабіль стаіць на балансе і, адпаведна, таксама мусіць прабег здзейсніць.

Усе вайскоўцы свята перакананыя ў рацыі расейскай улады. Парву шаблон: ніхто не любіць прэзідэнта і ніхто за яго галасаваць не збіраецца, дый на папярэдніх выбарах галасавалі за яго не ўсё. Прычыны простыя: маленькія зарплаты і разруха ва ўзброеных сілах. Больш за ўсё не любяць Пракаповіча.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары