Затрыманых за закалоты ў Адэсе этапавалі ў СІЗА цэнтральнай Украіны


Пра тое, што частку правакатараў вывезлі з гораду пад канвоем, паведаміў міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў у сваім «Facebook’у». Каб пазбегчы правакацыяў, дакладнага рэгіёну не паведамляюць.

2 траўня праваахоўныя органы затрымалі 172 асобы, з якіх 127 прызнаныя актыўнымі ўдзельнікамі закалотаў. 4 траўня больш за тысячу чалавек сабраліся каля будынку гарадскога ўпраўлення міліцыі ў Адэсе. Удзельнікі мітынгу патрабавалі вызваліць затрыманых. Неўзабаве міліцыя без дазволу адэскай абласной пракуратуры вызваліла 67 чалавек. Паводле заявы Службы бяспекі Украіны, сярод затрыманых правакатараў былі як мінімум трое грамадзянаў Расеі.

Авакаў таксама паведаміў, што ў Адэсу для забеспячэння правапарадку прыбыў батальён асаблівага прызначэння МУС «Кіеў-1». Спецпадраздзяленне Нацыянальнай гвардыі сфармаванае з адмыслоўцаў-добраахвотнікаў і ўзначальваюць яго адэсіты. Усяго на ўсходзе Украіны ўжо дзеюць 7 такіх батальёнаў. Кіеў заявіў пра намер працягваць антытэрарыстычную аперацыю. Аднак кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук на сваёй старонцы ў «Facebook’у» паведаміў пра спад актыўнасці сілавікоў.

У выніку масавых сутыкненняў прыхільнікаў і праціўнікаў федэралізацыі ў Адэсе 2 траўня загінулі дзясяткі людзей, сотні атрымалі раненні.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў