Перад чэмпіянатам па хакеі можна забраняваць у інтэрнэце месца побач з палітвязнямі


Напярэдадні адкрыцця ў Менску чэмпіянату свету па хакеі праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» («Amnesty International») запускае медыйную кампанію «Віртуальны хакейны стадыён».



Яе мэта – заклікаць улады Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення трох вязняў сумлення Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча ды Эдуарда Лобава, якія працяглы час застаюцца ў зняволенні, а таксама прыцягнуць увагу грамадскасці да рэпрэсіўнага беларускага заканадаўства.

Інтэрактыўны «Віртуальны хакейны стадыён», зайсці на які можна з сайту «Міжнароднай амністыі» (amnesty.org), прапаноўвае тым, хто жадае паглядзець «матч правоў чалавека ў Беларусі», забраняваць сабе месца на арэне побач з Бяляцкім, Статкевічам і Лобавым ды выказаць такім чынам салідарнасць з імі. Гэтак будуць збірацца подпісы, якія плануюць адправіць Аляксандру Лукашэнку.

Падчас кампаніі «Міжнародная амністыя» таксама будзе распаўсюджваць інфармацыю пра факты парушэння правоў чалавека ўладамі Беларусі, у тым ліку пра нядаўнія прэвентыўныя затрыманні ў Менску, а таксама пра рэпрэсіўнае заканадаўстве ў галіне грамадзянскіх правоў.

Праваабаронцы, у прыватнасці, указваюць на дзейны ў Беларусі закон аб масавых акцыях, які робіць амаль немагчымым правядзенне якіх-небудзь грамадскіх сходаў без дазволу ўладаў. «Гэта сур’ёзна абмяжоўвае правы на свабоду сходаў і выказванне меркавання асобнымі грамадзянамі», – адзначае «Міжнародная амністыя».

Акрамя таго, канстатуюць праваабаронцы, Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пакаранне (у тым ліку турэмныя тэрміны да двух гадоў) за дзейнасць ад імя незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў.

«Беларусь ніколі не прыцягне заўзятараў на свой бок датуль, калі не стане гуляць паводле правілаў», – заявіў Джон Далгёйсэн (John Dalhuisen), дырэктар еўрапейскіх і цэнтральнаазіяцкіх праграмаў «Міжнароднай амністыі». Вызваленне вязняў сумлення і адмена рэпрэсіўных законаў былі б добрым пачаткам, падкрэсліў ён.

«Глядзіце “матч правоў чалавека ў Беларусі” і дзейце!» – заклікае «Міжнародная амністыя».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў