Начальнік Цэнтру ізаляцыі – пра Вінярскага: «Калі хоча здохнуць у камеры – хай здохне»


Актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі выйшаў на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) пасля 12-дзённага арышту. Дзевяць дзён доўжылася сухое галадаванне, якое Вінярскі абвесціў на знак пратэсту супраць незаконнага прысуду.

Актывіст заўважна схуднеў, але пачуваецца някепска, пра што паведаміў журналістам, якія сустракалі яго каля ЦІПу. Спаткаць Вінярскага прыйшлі больш за дзясятак чалавек – сябры, прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі», праваабаронцы. За тым, што адбываецца, назіралі некалькі невядомых людзей у цывільным у прылеглым да ЦІПу скверы.

{movie}Максіма Вінярскага вітаюць пасля вызвалення з-за кратаў і галадоўкі |right|16252{/movie}

Сухая галадоўка – упершыню

Паводле Вінярскага, ён упершыню практыкаваў сухую галадоўку, таму трымаць яе «было цяжкавата», і на 9-я содні ён пастанавіў перайсці з сухой галадоўкі на звычайную.



На 6-я содні галадоўкі да Вінярскага на ягоную просьбу выклікалі хуткую дапамогу. Лекары агледзелі арыштанта, але сказалі, што ў яго няма «нічога экстранага».

«Людзей трымаюць ні за што»

Актывіст таксама сказаў, што праз галадоўку яго наведваў начальнік ЦІПу. Пасля чаго той заявіў сваім падначаленым: «Калі хоча здохнуць у камеры – хай здохне». Але затым распарадзіўся пры неабходнасці паставіць у камеру, дзе ўтрымлівалі Вінярскага, кропельніцу. Гэтага распараджэння гэтак і не выканалі, заўважыў актывіст. Паводле яго, ЦІП перапоўнены, прычым людзей у асноўным «трымаюць ні за што». Аднак адміністрацыя цэнтру «робіць выгляд, што іх нічога не датычыць, што не яны выносілі прысуды, яны проста робяць сваю працу», дадаў Вінярскі.

На шпацырах бачыў іншых актывістаў

Актывіст таксама паведаміў, што падчас арышту сустракаўся з іншымі грамадскімі актывістамі, асуджанымі з палітычных матываў, у прыватнасці бачыў Аляксандра Францкевіча і Іллю Дабратвора падчас шпацыраў (Францкевіча затрымалі ў Менску 25 красавіка і асудзілі на 25 дзён арышту, Дабратвора затрымалі 22 красавіка і далі 10 содняў арышту).

Вінярскі яшчэ не пастанавіў, ці будзе з’язджаць з Менску на перыяд правядзення чэмпіянату свету па хакеі: «Пакуль я збіраюся быць у Менску, запалохаць мяне арыштамі ў іх не атрымаецца». Зрэшты, канчатковае рашэнне на гэты конт Вінярскі прыме, параіўшыся са сваякамі.

Варта адзначыць, што менавіта з правядзеннем чэмпіянату (9–25 траўня) праваабаронцы ды апазіцыя звязваюць шматлікія прэвентыўныя затрыманні і арышты грамадскіх актывістаў.

Затрымалі, бо быў нібыта падобны да чалавека ў вышуку



Максіма Вінярскага затрымалі 22 красавіка ў Менску на выхадзе са сталічнага гандлёвага цэнтру «Карона». Актывісту заявілі, што ён «падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку», аднак ужо ў аддзяленні міліцыі Вінярскага абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.

У той жа дзень Вінярскі паўстаў перад судом Фрунзенскага раёну Менску. Падчас суда актывісту, у якога на той момант была вострая ангіна, стала кепска. Выкліканыя ў суд медыкі хуткай дапамогі заявілі, што хворы мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак забраць Вінярскага ім не дазволілі. Суддзя Людміла Лапо прызнала актывіста вінаватым і асудзіла на 12 дзён арышту. На знак пратэсту актывіст абвесціў сухую галадоўку.



МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў