"Вольнае слова": тое, пра што не скажуць дзяржаўныя медыі


Цэнзура, папярэджанні, арышты. Такія перашкоды зазнаюць беларускія незалежныя журналісты падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Тым больш каштоўныя матэрыялы, якія сведчаць пра высокія стандарты прафесіі. Найлепшых Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагародзіла прэміяй “Вольнае слова”.

{movie}Вольнае слова|right|16249{/movie}

Ад узнікнення БНР і лёсаў дысідэнтаў ды апазіцыянераў – да аповеду пра чалавека, памілаванага ад смяротнага выраку, ці таго, хто наважыўся змяніць пол… Практычна ўсе тэмы, якіх не закранаюць дзяржаўныя медыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах конкурсу “Вольнае слова”.

ЮРАСЬ КАРМАНАЎ, БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ:
“«Вольны вецер напеў вольных песень табе». Гэтыя словы Янкі Купалы сталі дэвізам нашага конкурсу. І больш за паўсотню журналістаў адгукнуліся і даслалі свае тэксты”.

Тэксты ж, апублікаваныя ў “Нашай Ніве”, практычна здамінавалі пераможныя месцы. Ягор Марціновіч стаў першым у намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял” з расследаваннем пра катэджы чыноўнікаў у Драздах і другім у мастацка-публіцыстычным жанры. З найлепшым аналітычным матэрыялам пра нявыгадных уладам беларускіх намінантаў на Нобэлеўскую прэмію перамог Андрэй Дынько.

АНДРЭЙ ДЫНЬКО, ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР «НАШАЙ НІВЫ»:
“Конкурс “Вольнае слова” дазваляе нам самім паглядзець на тое, што мы робім, з такой вышыні пражытага года. І пабачыць вось так вось гэтыя рэчы, яны трэба былі людзям. Яны запомніліся”.

Сусветны дзень свабоды прэсы – нагода ўзгадаць і пра яе адсутнасць. У сёлетнім рэйтынгу свабоды медыяў праваабарончая арганізацыя “Freedom House” змясціла Беларусь у суседстве з Паўночнаю Карэяй, Узбекістанам і Сірыяй.

Але незалежныя беларускія журналісты ацанілі і калегаў з дзяржаўных выданняў, якія з вольным словам наўрад ці асацыююцца. І якія не зазнаюць такога пераследу, як тыя, хто нават коштам уласнае свабоды адстойвае права на свабоду слова.

ЮРАСЬ КАРМАНАЎ, БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ:
“Беларускія журналісты разумеюць, што, прытрымліваючыся прафесійных стандартаў, можна пазбегнуць розных непрыемных сітуацыяў падчас працы ў Беларусі, а таксама за яе межамі. Стандарты з’яўляюцца для журналістаў пэўным парасонам, які бароніць іх ад нападкаў з аднаго ці іншага боку”.

А вольнае слова ды незалежная інфармацыя – гэта і даспехі, і зброя. У барацьбе за свабоднае грамадства.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў