Данбас – у агні


Ва Украіне абвесцілі двухдзённую жалобу пасля смерці 49 асобаў у выніку сутыкненняў і пажару ў адэскім Доме прафсаюзаў. Нягледзячы на жалобу, набірае размах антытэрарыстычная аперацыя, і яна ўпершыню сягнула рэальнага поспеху. Утрымліваючы перыметр вакол Славянску, спецслужбы адбілі ў сепаратыстаў суседні Краматорск.

{movie}Данбас – у агні|right|16248{/movie}

За ўвесь час спецаперацыі ўкраінскі бок страціў траіх чалавек забітымі і пятнаццаць – параненымі. Страты сепаратыстаў – невядомыя. Аднак на дапамогу ім з суседняй Луганскай вобласці абяцаюць прыйсці сілы самаабвешчанай Народнай рэспублікі. Яе гэтак званы “народны губернатар” абвесціў у Луганску надзвычайнае становішча і мабілізацыю.

ВАЛЕРЫЙ БАЛОТАЎ, «НАРОДНЫ ГУБЕРНАТАР» ЛУГАНШЧЫНЫ:
“Кіеўскія злачынныя ўлады абвяшчаюцца кроўным ворагам народу Луганшчыны. Загадваю: адключыць прафашысцкія каналы. Мы не будзем чакаць, пакуль нас раздушаць і спаляць. Мы будзем да апошняй кроплі крыві бараніць нашую зямлю ад неафашысцкіх захопнікаў і забойцаў. Першая нашая мэта – гэта Кіеў”.

Да Кіева сепаратыстам пакуль вельмі далёка. Урадавыя сілы за некалькі гадзінаў увайшлі ў Краматорск у Данецкай вобласці. Там яны ўзялі кантроль аэрапорт і спынілі трансляцыю расейскіх каналаў з мясцовай тэлевежы. Украінскія войскі усцяж блакуюць Славянск з якога сёння вызвалілі палонных назіральнікаў АБСЕ, хоць сам горад, як і большую частку Данеччыны, кантралююць сепаратысты.

ВАСІЛЬ КРУТАЎ, КІРАЎНІК АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАГА ЦЭНТРУ:
“Тое, што адбываецца ў Данецкім дый агулам ва ўсходніх рэгіёнах – гэта не проста кароткатэрміновая акцыя. Гэта насамрэч вайна. І захады ў гэтай вайне вельмі жорсткія”.

Як учора ў Адэсе, дзе ўзброеныя сепаратысты напалі на марш за еднасць Украіны. Прыхільнікі еднасці Украіны, якія хоць не былі ўзброеныя, затое значна пераважалі колькасцю, змусілі прарасейскіх баевікоў адступіць у Дом прафсаюзаў. Масква ў падпале будынку з жывымі людзьмі вінаваціць “нацыяналістаў”, аднак на відэа відаць, што будынак загарэўся з сярэдзіны.

КАЦЯРЫНА КАСАРОВА, ПРЭС-ЦЭНТР СБУ:
“Правакацыі другога траўня ў Адэсе, што прывялі да сутычак ды масавай гібелі людзей, адбыліся праз унутранае ўмяшанне і прафінансаваныя былымі высокапасадоўцамі ўраду Януковіча, што хаваюцца ў суседняй дзяржаве”.

Расейскі бок не звяртае ўвагі на шматлікія відэапацверджанні таго, што па праўкраінскіх пратэстоўцах вялі агонь з аўтаматычнай зброі проста з-за спінаў міліцыянтаў, і вінаваціць Кіеў у забойстве сваіх грамадзянаў.

ДЗМІТРЫЙ ПЯСКОЎ, ПРЭС-САКРАТАР ПРЭЗІДЭНТА РАСЕІ:
“Нацыяналісты і радыкалы з яўным дазволам уладаў зажыва спалілі безабаронных людзей. Я падкрэсліваю: людзі былі абсалютна безабаронныя. Гэта менавіта злачынства кіеўскіх уладаў. Яны не проста нясуць адказнасць, але і ёсць суўдзельнікамі”.

У Крамлі антытэрарыстычную аперацыю ўкраінскіх уладаў называюць карнаю і параўноўваюць падпал адэскага Дому прафсаюзаў са спаленнем Хатыні. А лідар фракцыі “Справедливая Россия” Сяргей Міронаў заклікаў увесці ў адказ войскі ва Украіну. Пакуль гэта толькі заклікі.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/LlrAyQd9Bq8

Глядзі таксама
Каментары