Як медсястра атрымала залатую карону з фіянітамі ды тапазамі. «Міс Беларусь – 2014» (фота)


Нарадзінка Смаргонскага раёну Гарадзенскай вобласці Вікторыя Мігановіч стала ўладальніцаю тытулу «Міс Беларусь – 2014». Фінал IX Нацыянальнага конкурсу прыгажосці прайшоў увечары 2 траўня ў сталічным Палацы спорту.

Вікторыя Мігановіч нарадзілася ў вёсцы Ракаўцы. Там яна скончыла базавую школу, сярэднюю – у Крэве. Затым дзяўчына паступіла ў Менскі дзяржаўны медычны каледж. Цяпер яна працуе медсястрою ў адной з клінік сталіцы.

Тытул «Першая віцэ-міс» прысвоілі Крысціне Марцінкевіч (Менск), «Другая віцэ-міс» – Дар’і Фаміной (Менск).

Пераможніцаю ў намінацыі «Міс топ-мадэль» назвалі Вікторыю Васілеўскую (Менск), «Міс фота» – Яну Ждановіч (Бабруйск). «Міс сімпатыяў гледачоў» па выніках інтэрнэт-галасавання стала Вераніка Бацвянкова (Магілёў). Удзельніцы конкурсу таксама выбралі пераможніцу ў намінацыі «Міс сяброўства», якою стала Ангеліна Нярушкіна (Магілёў).

У фінале конкурсу «Міс Беларусь» бралі ўдзел 26 дзяўчат ад 18 да 25 гадоў з розных рэгіёнаў краіны. Пераможца атрымала пераходную карону з белага золата з фіянітамі ды тапазамі, таксама яна правядзе тур «Тыдзень топ-мадэлі», які ўключае майстар-клас па макіяжы, вывучэнне мастацтва дэфіле, дыетычнай кулінарыі, індывідуальны курс ёгі ды прафесійную фотасесію ў Парыжы. Першая і другая віцэ-міс атрымалі прызы ў выглядзе грашовых узнагародаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў