У Гомлі невядомыя напалі на дом грамадскага актывіста і пагражалі расправаю за ўкраінскі сцяг


Трое невядомых увечары 2 траўня напалі на прыватны дом актывіста кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Канстанціна Жукоўскага і пагражалі яму фізічнаю расправаю за ўсталяваны на даху ўкраінскі сцяг. Сцяг краіны-суседкі актывіст усталяваў на даху свайго дому ў пачатку сакавіка на знак салідарнасці з украінскім народам. Побач таксама лунае бел-чырвона-белы сцяг.



«Увечары невядомыя сталі гучна стукаць у брамку, яны спрабавалі прарвацца ў двор і нецэнзурна лаяліся. Мая дачка і жонка спалохаліся шуму. Я спытаў з акна ў гэтых людзей, што яны хочуць. У адказ пачуў пагрозы, маўляў, выходзь, мы цябе заб’ем, прыбяры гэтую анучу з даху, нам не падабаецца гэты сцяг. Яны крычалі нешта пра Крым, Бандэру, Майдан і яшчэ невядома што. Адзін крычаў, што ў яго два дзяды і бацька ў вайну загінулі, хоць на ўзрост яму каля сарака», – паведаміў спадар Жукоўскі.

Актывіст выклікаў міліцыю. «Яны і ў прысутнасці міліцыі працягвалі мацюкацца і пагражаць мне. Міліцыя выклікала аўтамабіль, каб адвесці хуліганаў на разбіральніцтва ў аддзел. Я не паехаў: у мяне дзіця дома. Чым усё скончылася, пакуль невядома. Я растлумачыў і міліцыі, і тым, хто нападаў, што такія паводзіны вядуць да фашызму. Сёння ім не падабаецца ўкраінскі сцяг, заўтра – колер вачэй каго-небудзь, а паслязаўтра з’явяцца канцэнтрацыйныя лагеры», – дадаў актывіст.

За два месяцы, цягам якіх дом Канстанціна Жукоўскага аздабляў украінскі сцяг, прэтэнзіі ад каго-небудзь да яго не паступалі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў