Як менскі экскурсавод дапамагае невідушчым убачыць горад (фота)


Каманда энтузіястаў з Менску распрацоўвае аўдыётактыльныя макеты менскіх помнікаў архітэктуры і ладзіць з іх дапамогаю экскурсіі для невідушчых і людзей, што слаба бачаць. Гэта першы і пакуль адзіны такі праект у Беларусі.

Інвалід зроку: Гэты макет сапраўды дапамагае ўявіць, як выглядае будынак

На прэзентацыі макета базільянскага касцёлуНа прэзентацыі макета базільянскага касцёлу2 траўня ў навуковай бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту ініцыятыва «Mivia» прэзентавала ўжо другі макет для экскурсіяў з невідушчымі. Першым год таму быў макет менскай гарадской ратушы, а гэтым разам удзельнікам паказалі будынак былога базыльянскага касцёлу Святога Духа, што быў адноўлены на Плошчы Свабоды, і цяпер выкарыстоўваецца як дзіцячая канцэртная зала. Гэты макет мае сваю асаблівасць – ён аўдыётактыльны, то бок, з агучваннем. Калі націснуць на кнопку, можна пачуць пра гісторыю касцёлу.

На прэзентацыі прысутнічаў інвалід зроку Дзяніс, які і дапамагаў камандзе «Mivia» пратэставаць макет. Хлопец павольна абмацваў будынак, пакуль прадстаўніца «Mivia» распавядала пра тыя дэталі, да якіх ён датыкаецца, пра іх мастацкія асаблівасці ды пра гісторыю касцёлу. Калі Дзяніс націскаў на адмысловую кнопку і дакранаўся да вокнаў на макеце, пачынаў гучаць аповед пра касцёл ці грыгарыянскія спевы. Хлопец уважліва слухаў, час ад часу на ягоным твары з’яўлялася ўсмешка.

«Мне вельмі спадабалася, – падзяліўся ўражаннямі Дзяніс. – Гэты макет сапраўды дапамагае зразумець, як выглядае касцёл насамрэч».

Экскурсіі для невідушчых робяць валанцёры

Над макетам касцёлу працавалі архітэктары, праграміст і электронік. Самую паменшаную копію касцёлу стварыла архітэктар, студэнтка 4-га курсу БНТУ Аляксандра Рамейка. Усе ўдзельнікі праекту працуюць як валанцёры.

Экскурсіі праводзяцца каля ратушы і былога базільянскага касцёлу з дапамогаю макетаў. Напачатку экскурсанты вывучаюць макет, а потым на дотык знаёмяцца з сапраўднымі будынкамі. Экскурсіі адбываюцца кожны аўторак паводле папярэдняга запісу на сайце «Mivia.by». Усе экскурсіі – бясплатныя.

Ідэя экскурсіяў і макеты – уласная распрацоўка ініцыятывы «Mivia». Як распавялі ўдзельнікі праекту, ні ў Беларусі, ні за мяжою яны пакуль гэткіх аўдыёвізуальных макетаў не сустракалі.

Арганізатарка экскурсіяў: У Беларусі навучыцца экскурсійнай працы з невідушчымі немагчыма

У Беларусі экскурсіямі для людзей з праблемамі зроку, апроч каманды «Mivia», больш ніхто не займаецца. Сама ідэя правядзення такіх экскурсіяў нарадзілася паўтара года таму.

«Я працавала тады ў музеі народнай архітэктуры і побыту, – распавяла арганізатарка праекту «Mivia», экскурсавод Людміла Скрадаль. Пазнаёмілася там з дзяўчынаю Юляй, якая аднойчы падышла да мяне і запыталася, куды яна можа адвесці на экскурсію сваю невідушчую маці. Я нават не ведала, што адказаць, бо ў Менску такіх праграмаў не было. І вось тады мы задумаліся, што трэба нешта такое зрабіць».

Людміла адзначае, што, на жаль, у Беларусі навучыцца экскурсійнай працы з невідушчымі немагчыма, таму ейнай камандзе давялося быць сапраўднымі першапраходцамі.

«Мы бярэм кансультацыі ў школе № 188 для дзяцей з аслабленым зрокам, а таксама раімся з самімі невідушчымі, якія раяць нам, як лепш працаваць», – распавяла дзяўчына.

«Для невідушчых нашыя экскурсіі – як глыток паветра»

Апроч экскурсіяў для невідушчых, «Mivia» прапаноўвае экскурсію «З заплюшчанымі вачыма» для тых, хто бачыць, але хоча зразумець, як успрымаюць свет людзі з праблемамі са зрокам, ці проста хоча паглядзець на звыклы свет інакш – з боку тактыльных адчуванняў.

«Для тых, хто бачыць, такія экскурсіі – гэта прасвятленне, атрыманне новай інфармацыі пра свет і саміх сябе, разуменне і прыняцце людзей з асаблівымі патрэбамі, – заўважыла Людміла. – Для невідушчых жа, для тых, хто згубіў зрок, – гэта як глыток паветра, пашырэнне асабістай прасторы, адукацыя, знаёмства са сваім горадам, сваёй краінай і яе гісторыяй».

Цяпер каманда «Mivia» распачынае працу над трэцім макетам. Людміла пакуль не раскрывае ўсіх сакрэтаў – які будынак гэта будзе і якія навінкі ў ім будуць выкарыстаныя, але выказвае спадзяванне, што да наступнага экскурсійнага сезону макет будзе гатовы і што з ім «Мівіа» выйдзе за межы плошчы Свабоды.

Паводле Людмілы Скрадаль, ідэю правядзення экскурсіяў для невідушчых з дапамогаю аўдыётактыльных макетаў сёлета падтрымалі ААН, а таксама Інстытут турызму.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары