Падчас зачысткі ў Славянску загінулі 2 украінскія жаўнеры, 7 параненых


«У ходзе сённяшняй спецаперацыі ўкраінскія вайскоўцы захапілі ўсе агнявыя апорныя пункты і блок-пасты тэрарыстаў», – заявіў выканальнік абавязкаў прэзідэнта Аляксандр Турчынаў.

«Нашыя сілавыя структуры вядуць барацьбу з наймітамі замежнай дзяржавы, з тэрарыстамі ды злачынцамі, якія захопліваюць закладнікаў, забіваюць і катуюць людзей, якія са зброяй у руках пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці ды стабільнасці ва Украіне». З гэткімі словамі звярнуўся да сваіх суграмадзянаў выкональнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў у сваім відэазвароце.

Ён падкрэсліў, што аперацыя разгортваецца не так хутка, як хацелася б, і значна ўскладняецца тым, што базы тэрарыстаў размешчаныя ў шматнаселеных гарадах, а яны самі хаваюцца за спінамі грамадзянскіх асобаў, прыкрываюцца закладнікамі, вядуць агонь са шматкватэрных жылых дамоў, – перадае словы Турчынава «Pravda.com.ua».

Падчас аперацыі сепаратысты панеслі значныя страты: шмат загінулых, параненых і арыштаваных. «На вялікі жаль, мы маем інфармацыю пра двух загінулых і семёх параненых нашых вайскоўца», – распавёў выканальнік абавязкаў прэзідэнта.

Турчынаў таксама паведаміў, што ў ноч на пятніцу былі спробы прарыву дзяржаўнай мяжы групаю ўзброеных расейскіх дыверсантаў, якіх спынілі ўкраінскія памежнікі.

ЮВ, pravda.com.ua, unian.net

Глядзі таксама
Каментары