Жыхары Палесся вучылі закладаць маларыцкі строй у Польшчы (фота)


Дэлегацыя з 45 прадстаўнікоў народных умельцаў і харцэраў Берасцейшчыны ўзяла ўдзел у кірмашы ў Янаве-Падляскім (Польшча). Зоркаю кірмаша ў дзень св. Юзафа Рамесніка стала жыхарка Маларыты.



Выезд у Янаў-Падляскі зарганізавалі лідары Форуму польскіх лакальных ініцыятываў Берасця і Берасцейскай вобласці.



Народныя творцы з Палесся прадэманстравалі ўласныя вырабы з лёну, традыцыйныя палескія вышыўкі, вырабы ткачых і кавалёў ды палескія лялькі-матанкі. 11 студэнтаў аддзялення графікі ды народных рамёстваў Педагагічнага ўніверсітэту імя Пушкіна ў Берасці выступілі з паказам сярэднявечнай моды. Былі вядомыя на Заходнім Палессі майстры керамікі ды выцінанкі Валерый і Марына Марчукі. Берасцейскія харцэры, у сваю чаргу, правялі моладзевы злёт са сваймі калегамі з Янава.

Ганна Панішава (злева) з удзельніцамі кірмашуГанна Панішава (злева) з удзельніцамі кірмашу«Сапраўднаю зоркаю на кірмашы сталася майстрыха традыцыйнага ткацтва з Маларыты – Сцепаніда Сцепанюк, якая заспявала песні з беларуска-ўкраінскага памежжа і правяла майстар-клас, як правільна закладаць жаночы палескі строй», – распавяла галоўная каардынатарка Форуму польскіх лакальных ініцыятываў Берасця і Берасцейскай вобласці Ганна Панішава.

Паводле дзяячкі, у культурных ініцыятывах Форуму бяруць удзел як палякі, беларусы, гэтак і ўкраінцы.

«Нашыя ініцыятывы – гэта шырокія грамадскія кампаніі ды канкрэтныя акцыі, накіраваныя на развіццё мясцовых супольнасцяў і стварэнне «чалавечага капіталу», а не партыі ці секты. Аб’ядноўваючы людзей, мы кіруемся прынцыпамі: прафесіяналізм, адкрытасць і празрыстасць дзеянняў», – зазначыла спадарыня Панішава.

Актывісты з Палесся выязджаюць у Польшчу, каб прадэманстраваць культурнае багацце свайго рэгіёну, зазначыла актывістка. «Культурныя спатканні па абодвух баках мяжы дапамагаюць збліжаць людзей, яднаюць праз дзяржаўныя межы і нашмат больш вартыя, чым словы гора-палітыкаў, вельмі часта скарумпаваных, па абодвух баках мяжы», – мяркуе каардынатарка Форуму.

Форум польскіх лакальных ініцыятываў Берасця і Берасцейскай вобласці дзейнічае з траўня 2013 года. Арганізацыя дапамагае палякам, што жывуць на Палессі, ладзіць польскія нацыянальныя святы, апякуецца польскімі магіламі ды помнікамі.

У сакавіку актывісты Форуму паклалі брук на плошчы Рамуальда Траўгута ў Шастакове, дзе нарадзіўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. Апроч гэтага, Форум апякуецца харцэрамі ў Берасці, арганізоўвае канцэрты, мастацкія выставы і выдае часопіс на польскай і беларускай мовах «Рэха Палесся» («Echa Polesia»). Супольныя праекты Форум рэалізуе з беларускаю моладзеваю арганізацыяй «Дзедзіч».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў