Я вам не скажу за ўсю Адэсу. «Хто б ні прыйшоў да ўлады, ад гэтага лягчэй не становіцца»


Гэта серыя інтэрв’ю з адэсітамі аб украінскіх падзеях і асобах. Чарговы суразмоўца – Віталь, жыхар Коблева, што непадалёк Адэсы, працуе на турыстычнай базе меліяратарам. Віталь разважае пра вынікі Майдану і гаворыць пра небяспеку, што сыходзіць ад Расеі.

«Майдан ваяваў за тое, каб нешта змянілася ў нашай краіне»

– Гэтак ужо ў нас заведзена ўва Украіне, што хто б ні прыйшоў да ўлады, мне ад гэтага чамусьці лягчэй не становіцца. Часцей пачынаю ўзгадваць яшчэ тую ўладу, пры якой нам не падабалася паліва за дзве грыўні, пасля за пяць не падабалася. А цяпер у нас паліва ўжо па пятнаццаць, і яно нам падабаецца. Мы проста вымушаныя яго набываць. А заробкі нашыя не паспяваюць гэтак расці, як рухаецца нашая палітыка ўва Украіне.

– Дык а навошта тады ўвогуле быў Майдан, калі нічога не зменіцца і пасля чарговых выбараў?

– Майдан ваяваў не за тое, што мы атрымалі. Майдан ваяваў не за Юлію Цімашэнку, не за Клічка, не за Яцэнюка, не за гэта. Юлію Цімашэнку мы ўжо бачылі пры ўладзе… Я мяркую, што Майдан ваяваў за тое, каб нешта змянілася ў нашай краіне. А ў нас нічога не змянілася. Майдан скрышыў тую ўладу, якая ўвогуле не лічыла людзей за людзей. Але і цяперашняя ўлада, думаю, недалёка ад папярэдніх уцякла.

– І ўсё ж такі Майдан паказаў, што людзі нешта могуць, што маюць сілу…

– Так, гэта ён паказаў. Але вельмі цікава ўсё ж такі, хто кіраваў усім, хто за гэтым стаяў. Натуральна, калі нехта яго падтрымліваў, то хтосьці меў тут сваю карысць. Хтосьці гаворыць, што гэта Амерыка. Але я не ведаю, я там не быў, з людзьмі не размаўляў, што там былі.

«Замест ратаваць краіну, ваююць за крэсла»

– Неўзабаве – прэзідэнцкія выбары. За каго з кандыдатаў варта галасаваць?

– З тых кандыдатаў, якія цяпер ёсць, я не бачу нікога ў ролі прэзідэнта. Усё тое ж самае. Усе цяпер замест таго, каб ратаваць нашую краіну, трымаць яе гуртам, усе ваююць за крэсла ўлады. Гэта маё меркаванне.

– А як вы ставіцеся да аддзялення Крыму?

– Натуральна, што мне крыўдна. Я таксама служыў у арміі, і думаю, крыўдна ўсім тым салдатам, тым крымчанам.

– Чаму ўсё гэтак выйшла, што Крым адышоў Расеі?

– Я мяркую, што ўсе выбары сфальсіфікаваныя. На рэферэндум не прыйшло столькі людзей, колькі нам сказалі. Крымска-татарскага насельніцтва, якое было катэгарычна супраць аддзялення, – больш за палову. І калі ўлічыць, што яны ўвогуле не галасавалі – а я веру іхных лідарам, – то такія вынікі, якія нам падалі, проста быць не могуць.

«Расея можа забраць яшчэ адну частку Украіны без бою»

– Як думаеце, што чакае Украіну ў бліжэйшы год?

– Я думаю, што калі ўсё будзе працягвацца гэтак, як яно і ідзе, то Расея забярэ яшчэ адну частку Украіны вельмі проста, як і Крым, без бою.

– А як могуць прайсці выбары?

– Выбары для нас цяпер – гэта таксама кепска, бо гэта выдаткі не тых чыноўнікаў, у якіх мільёны, а выдаткі нашыя з вамі. І плаціць за іх будзем мы. Яны пройдуць без грошай і з павышэннем платы за камунальныя паслугі. Думаю, мы адчуем іх фінансава. А па выніках прыйдзе ўсё роўна той, хто павінен. Але я не ведаю, хто. Тым больш цяпер такое адбываецца ў краіне… Дык хацелася б справядлівых выбараў.

Гутарыў Антось Міхайлюк, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары