Геаграфічна – у Еўропе, у рэйтынгах – па суседстве з Кубаю ды Сірыяй


«Freedom House» згадвае пра «Белсат» і аналізуе, як улады Беларусі здушаюць вольнае слова.

«Суддзі, пракуроры, міліцыянты, падаткавікі ды чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі увесь час карыстаюцца палітызаванымі судовымі рашэннямі ды невыразнымі інструкцыямі для таго, каб пераследаваць незалежныя газеты і сайты», – канстатуюць праваабаронцы з «Freedom House» у частцы спавешчання, прысвечанай Беларусі.

У агульнай справаздачы «Freedom House» гаворыцца, што узровень свабоды медыяў сёлета – самы нізкі за апошнія 10 гадоў. Найбольш вольныя медыі – у Еўропе, першыя месцы ў рэйтынгу займаюць Нідэрланды, Нарвегія і Швецыя. А вось Беларусь, хоць геаграфічна ляжыць у Еўропе, у рэйтынгу мае такіх суседзяў, як Эрытрэя, Узбекістан, Паўночная Карэя, Сірыя ды Іран.

«Дзяржаўная тэлекамунікацыйная кампанія «Белтэлекам» – адзіны інтэрнэт-правайдэр, які кантралюе ўсе міжнародныя перадачы дадзеных і блакуе некаторыя крытычныя сайты. Тым часам Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), паводле наяўных звестак, адсочвае інтэрнэт-камунікацыі ды, як лічаць, стаіць за выкарыстаннем «траянскіх» вірусаў для крадзяжу пароляў рэдактараў крытычных сайтаў», – гаворыцца ў спавешчанні.

Праваабаронцы ўказваюць на тое, што цяперашнія ўлады Беларусі ўтрымліваюць манаполію на агульнанацыянальныя трансляцыйныя медыі, «якія ўвесь час славяць Лукашэнку і выгады «моцнай дзяржавы» ды адначасова ачарняюць апазіцыю». У дакладзе зазначаюць, што МЗС Беларусі адмаўляе «Белсату» ў акрэдытацыі, а журналістам, якія не акрэдытаваныя, улады «актыўна перашкаджаюць у працы».

Цяжкая сітуацыя і ў журналістаў газетаў. Дзяржаўныя выданні атрымліваюць субсідыі ды падатковыя ільготы, практыкуецца прымусовая падпіска на такія выданні. А тым часам незалежныя газеты вымушаныя прадаваць выданні наўпрост са сваіх рэдакцыяў і звяртацца да валанцёраў па дапамогу ў дастаўцы асобнікаў. «Аднак рэгіянальныя ўлады часам пераследуюць і арыштоўваюць прыватных дыстрыб’ютараў. Праз эканамічны крызіс, што ўзмацняецца ў краіне, незалежныя СМІ змагаюцца з ростам коштаў і падзеннем прыбыткаў ад рэкламы. Згодна са звесткамі БАЖ, у Беларусі засталося толькі каля 25 незалежных друкаваных перыядычных выданняў, якія асвятляюць сацыяльныя і палітычныя пытанні», – гаворыцца ў спавешчанні «Freedom House».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары