На падтрыманне ўкраінскай эканомікі выдзеляць $ 17 мільярдаў


Міжнародны валютны фонд дапаможа Украіне $ 17-ю мільярдамі. Буйны крэдыт мае паставіць краіну на ногі, а эканоміцы – абраць адпаведны кірунак. Свае сцэнары Кіеву прапаноўвае і Масква. А як на месцы рэалізуюць іх прарасейскія сепаратысты?

Новая праграма і велізарныя грошы дзеля ратавання Украіны ад эканамічнай катастрофы. Цяпер, як прызнала старшыня Міжнароднага валютнага фонду, перад краінаю могуць адкрыцца ўнікальныя магчымасці.
{movie}Ратунак для Украіны|right|16218{/movie}
КРЫСТЫН ЛЯГАРД, СТАРШЫНЯ МВФ:
“Мы мяркуем, што Украіна мае шанец выкарыстаць момант, каб адарвацца ад папярэдніх фінансавых практыкаў, а таксама – ад пункту гледзішча ў кіраванні”.

Паводле ухваленай праграмы, Украіне вылучаць $ 17,1 млрд. Першы транш крэдыту памерам $ 3,2 млрд Кіеў атрымае тэрмінова для фінансавання дэфіцыту бюджэту. Наступныя – у адпаведнасці з паслядоўнасцю правядзення неабходных эканамічных рэформаў.

КРЫСТЫН ЛЯГАРД, СТАРШЫНЯ МВФ:
“Ухваленая праграма мае і свае рызыкі. Мы намагаемся іх абмежаваць, як гэта толькі магчыма”.

Абмежаваць жа рызыкі палітычных правакацыяў і збройных дыверсіяў Кіеў спрабуе ўсімі даступнымі спосабамі. Пакінуць Украіну загадалі вайсковаму аташэ Расейскай Федэрацыі. Яго абвінавацілі ў дзейнасці, несумяшчальнай з дыпламатычным статусам, выяўленай, паводле украінскіх уладаў, пасля паспяховай контрвыведнай аперацыі.

Выканальнік абавязкаў прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў падпісаў указ аб аднаўленні прызыву ва ўзброеныя сілы Украіны.

У сталіцы ноччу з’явілася бронетэхніка і прыблізна сто ўзброеных жаўнераў. Цягам некалькіх гадзінаў Упраўленне дзяржаўнай аховы праводзіла тут вучэнні.

СЯРГЕЙ ЛЯВІН, КАМАНДУЮЧЫ ПРЭЗІДЭНЦКІМ УЗВОДАМ:
“Нашыя вайскоўцы адпрацоўваюць як узброеныя, гэтак і няўзброеныя дзеянні. У залежнасці ад сітуацыі дзеянні будуць адэкватнымі”.

Сітуацыя ж такая, што сёння ў Данецку сепаратысты захапілі будынак пракуратуры. У выніку – параненыя з 15 асобаў. І на гэтым фоне тэрмінова пачаць дыялог з усімі апанентамі ў рэгіёнах заклікаў украінскі бок кіраўнік МЗС Расеі.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:
“Расея мяркуе, што такі дыялог паміж уладамі ў Кіеве і іх апанентамі можа наладзіцца пад эгідаю АБСЕ. Мы спадзяемся, што нашыя заходнія калегі, якія пакуль маюць сумневы на гэты конт, здымуць свае прэтэнзіі і не будуць перашкаджаць украінцам дамаўляцца”.

Аднак пакуль такі дыялог – пад вялікім пытаннем. Лаўроў не звярнуў увагі, што менавіта прарасейскія сепаратысты цягам тыдня ўтрымліваюць у зняволенні ў Славянску шасцярых вайсковых назіральнікаў АБСЕ. Таму падчас тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным з заклікам дапамагчы ў іхным вызваленні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель звярнулася менавіта да яго. Да гэтага з расейскім кіраўніком размаўлялі праз тэлефон прэм’ер-міністры Італіі ды Брытаніі. Пакуль – безвынікова. Самыя сепаратысты адмаўляюцца даваць інфармацыю.

ВЯЧАСЛАЎ ПАНАМАРОЎ:
“Мы не будзем агучваць нашых пазіцыяў, пакуль не прымем адпаведнай пастановы”.

А ўва ўсёй Украіне сёння прайшлі першамайскія мітынгі.

У Кіеве заклікалі да адзінства краіны.

ВАЛЯНЦІН СМІХУН, ЖЫХАР КІЕВА:
“Няхай расейцы разбяруцца са сваймі праблемамі і не лезуць у нашую краіну. Мы самыя разбярэмся. У нас выдатная краіна і яна мусіць быць адзінаю. Ніякай федэралізацыі!”.

У Славянску і сёння не сціхала гаворка пра планаваны рэферэндум.

ВІТАЛІЙ ВЯТКІН, ЖЫХАР СЛАВЯНСКУ:
“Абавязкова прыйду на рэферэндум 11-га траўня і скажу “так” дзяржаўнай незалежнасці Данецкай народнай рэспублікі”.

Якую, паводле звестак Службы бяспекі Украіны, прадэкламавлі ў тым ліку і дыверсанты, завербаваныя расейскімі спецслужбамі ў Крыме. СБУ паведаміла таксама пра затрыманне групы асобаў, якія планавалі здзейсніць выбухі падчас святкавання Дня перамогі. Сёння ўрад у Кіеве пастанавіў зачыніць 27 прапускных пунктаў на мяжы з акупаваным паўвостравам.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/6VoLsCczooQ

Глядзі таксама
Каментары