Захмеленая публіка і выступы чыноўнікаў. Прафсаюзы адзначылі юбілей у Купалаўскім парку (фота)


Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адзначыла 110-годдзе руху працоўных у Беларусі мітынгам і святочным канцэртам у сталічным парку імя Янкі Купалы.

Анансаваная на 11.00 імпрэза пачала збіраць людзей задоўга да афіцыйнага пачатку. Мітынг, паводле афіцыйных звестак, сабраў 30 000 беларускіх працаўнікоў: у Купалаўскім парку былі прадстаўнікі практычна ўсіх буйных прадпрыемстваў, дзяржаўных арганізацыяў і транспартнікі.

Гандлёвыя сеткі разгарнулі продаж кілбасак і шашлыкоў, халоднага піва і гарэлкі, слодычаў і марозіва. Перад публікаю, што паступова хмялела, выступалі старшыня федэрацыі Леанід Козік, амбасадары Кітаю і Кубы, чыгуначнікі, працоўныя, чыноўнікі. Са сцэны працоўныя абяцалі і далей вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, прафсаюзныя дзеячы абяцалі сачыць за праблемамі працоўных і ліквідаваць іх, а таксама дзякавалі прэзідэнту за тое, што над намі мірнае неба і мы не стаім на барыкадах.

А 12.00 людзі ў гальштуках саступілі месца народнаму ансамблю “Бяседа”. Тыя з натоўпу, што трымалі транспаранты, пайшлі дадому, астатнія пачалі танчыць пад беларускія песні. Наступным меў выступіць Дзмітрый Калдун, але ягоны аўтамабіль міліцыя доўга не хацела пускаць на тэрыторыю парку, давялося ўмяшацца арганізатарам. У выніку спявак затрымаўся на 15 хвілінаў. Закрываў канцэрт і святочную дэманстрацыю гурт “Лепрыконсы”.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў